«Дзецям Віцебшчыны»: што выпускаюць прадпрыемствы Віцебскай вобласці для падрастаючага пакалення?

«Детям Витебщины»: что выпускают предприятия Витебской области для подрастающего поколения?
У вобласці распрацавана і рэалізуецца падпраграма «Дзецям Віцебшчыны» Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця на 2011-2015 гады.

Дзеці – гэта радасць у сям'і, але яшчэ і аб'ект сур'ёзных фінансавых укладанняў. Бацькі імкнуцца даць усё самае лепшае свайму дзіцяці: смачна і пажыўна накарміць, апрануць у прыгожыя і зручныя рэчы. Клапоцяцца аб дабрабыце падрастаючага пакалення і на дзяржаўным узроўні. У вобласці распрацавана і рэалізуецца падпраграма «Дзецям Віцебшчыны» Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця на 2011-2015 гады. Карэспандэнт «ВВ» пацікавілася, што на сённяшні дзень зроблена для таго, каб забяспечыць юнае пакаленне ўсім неабходным.

– Адным з прыярытэтных напрамкаў у развіцці вытворчасці спажывецкіх тавараў на Віцебшчыне з'яўляецца арганізацыя выпуску вырабаў для дзяцей. Стварэнне эфектыўнай вытворчасці на сучасным тэхнічным узроўні — адна з мэт падпраграмы. Планам на 2011–2014 прадугледжаны 9 мерапрыемстваў, на якія будуць накіраваны 50 млрд рублёў. Усяго з пачатку дзеяння праекта ўжо асвоена 171,4 млрд. рублёў. Праведзеная арганізацыямі вобласці праца сведчыць аб эфектыўнасці падпраграмы «Дзеці Віцебшчыны», і рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, прадугледжаных ёю, будзе працягнута і ў далейшым, – распавядае намеснік старшыні камітэта эканомікі, начальнік упраўлення прамысловасці Жанна Шарандо.

Да дзіцячага стала

Платформай для рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы, накіраванай на забеспячэнне жыхароў вобласці прадуктамі харчавання для дзяцей, сталі Віцебскі плодаагароднінны камбінат і Аршанскі мясакансервавы камбінат. У прыватнасці, на прадпрыемстве ў Новцы асвоілі выпуск інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі. У лютым мінулага года пасля правядзення рэканструкцыі ўведзены ў эксплуатацыю цэх па выпуску раслінна-мясных і раслінна-рыбных кансерваў для дзіцячага харчавання ў шклатару. З пачатку эксплуатацыі цэха выраблена 365 туб на суму 6 млрд. рублёў.

Таксама пасля рэканструкцыі працуе цэх па вырабе кансерваў на мясной аснове для дзіцячага харчавання Аршанскага мясакансервавага камбіната (падрабязна пра гэта «Віцебскія весці» ужо пісалі ў ліпені, верасні 2014-га). На гэтыя мэты накіравана каля 160 млрд рублёў. Увод цэха дазволіць павялічыць магутнасці па вытворчасці кансерваў да 10 млн умоўных банкаў у год.

Каб касцюмчык сядзеў

Падпраграма «Дзеці Віцебшчыны» таксама ўключае забеспячэнне падрастаючага пакалення якасным адзеннем – трыкатажнымі, швейнымі вырабамі. Над выкананнем гэтых задач працуе шэраг прадпрыемстваў. Да прыкладу, ААТ «Праца-Віцебск» набыты камп'ютарная тэхніка для распрацоўкі тэхналагічных працэсаў, швейнае, раскройнае і абсталяванне для вільготна-тэрмічнай апрацоўкі на суму 236 млн рублёў. СП «Дынама Праграм Арша» ООО, ЗАТ «Аршанская вытворча-гандлёвая фірма «Світанак»за ўласныя сродкі ўсталявалі новае швейнае абсталяванне на суму 3,3 млрд рублёў. СААТ «Марка» на тэхнічнае перааснашчэнне накіравала 1,7 млрд. рублёў.

Адным з выканаўцаў падпраграмы стала КУВП «Віцебчанка». Яго задача заключаецца ў тэхнічным пераўзбраенні вытворчасці для пашырэння асартыменту дзіцячай прадукцыі. На гэтыя мэты накіравана 200 млн рублёў. Усяго за час рэалізацыі падпраграмы агульны аб'ём выпушчанай прадукцыі ацэньваецца прыблізна ў 60 млрд рублёў. Да новага сезона распрацавана чарговая калекцыя верхняга дзіцячага адзення.

– Сучасны дызайн, яркія колеры разам з якаснымі матэрыяламі, якія не прапускаюць вільгаць, абараняюць ад ветру, захоўваюць свае якасці нават пасля мноства пранняў, па праву ацэняць пакупнікі, – лічыць намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Наталля Уроніч. – Для самых маленькіх створана унікальная мадэль камбінезона 2-у-1. Да асноўнай часткі прымацоўваецца падстэжка на пуху, адшпіліўшы якую можна атрымаць дэмісезонны камплект. Такім чынам, набыўшы ўсяго адну рэч, практычныя бацькі забяспечваюць дзіця адначасова і зімовым, і вяснова-асеннім верхнім адзеннем.

Таксама эксперыментальнай групай вядзецца актыўная праца па падрыхтоўцы да лета 2015 года. Распрацаваны новыя мадэлі, атрыманы купоны тканін для пашыву ўзорау адзення, якія пасля зацвярджэння худсаветам будуць запушчаны ў масавую вытворчасць. Ужо вясной у гандлёвых аб'ектах з'явяцца навінкі, так што віцебскія дзеці не застануцца без абновак.

 

Наталля Камлёва, "Віцебскія весці".