Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Расонах і Докшыцах будуць здадзены да канца года
«
Можна мы будзем называць вас мамай і татам, таму што нашыя бацькі ад нас адмовіліся», – такія словы пачулі муж і жонка Ганна і Анатоль Котавы ад сястрычак Дашы і Юлі, калі ўзялі іх на выхаванне. Як ні сумна, але такое ўсведамленне непатрэбнасці ўласным бацькам і ў той жа час вострая неабходнасць любові і клопату, неўтаймаванае жаданне мець нармальную сям'ю і дом чыталіся ў вачах кожнага прыёмнага дзіцяці, якое з'яўлялася ў Котавых.Сёння з мужам і жонкай жывуць пяцёра дзяцей: чацвёра прыёмных – школьнікі Даша, Ігар, Раман і дашкольніца Юля, – і родная дачка Вера. Старэйшы сын Ганны і Анатоля ўжо пакінуў бацькоўскі дом, стварыў сваю сям'ю. Таксама стаў самастойным і брат Рамана Віктар, ён працуе будаўніком у Мінску.
Нядаўна бацькі і дзеці святкавалі наваселле – Ганне і Анатолю выпаў гонар стаць гаспадарамі першага ў раёне дзіцячага дома сямейнага тыпу, другі яшчэ будуецца ў Расонах. Характэрна, што новае жыллё ў Клясціцах узведзена за спонсарскія сродкі. Прафінансаваў аб'ект Беларусбанк у межах праграмы «Бацькоўскі кут», ініцыятарам і рэалізатарам якой ён выступае. Цяпер у вялікай сям'і ёсць прасторны і цалкам мэбляваны, абсталяваны бытавой тэхнікай катэдж з пяці пакояў.
Уласны дом, дзе яны жылі да гэтага, быў, прызнаецца Ганна, цеснаваты: дзяўчынкі ўтраіх туліліся ў зале, а з-за эканоміі месца хлапчукам даводзілася спаць на двух'ярусным ложку. Цяпер жа ў дзяцей свае пакоі, у якіх яны будуць жыць па двое. Засталося яшчэ месца ў старэйшай дачкі Веры, але цалкам магчыма, што хутка і ў яе з'явіцца суседка – бацькі гатовыя ўзяць у сям'ю яшчэ адно прыёмнае дзіця, гэтае пытанне разглядаецца ў аддзеле адукацыі.
Пераезд у новыя апартаменты быў для ўсіх доўгачаканым. Кіраўнік сямейства ў любую вольную ад працы хвіліну (а іх у яго няшмат, бо працуе трактарыстам) прыязджаў збіраць мэблю. Дапамагалі Рома і Ігар – хлапчукам пакруціць шрубы ды шрубкі толькі ў радасць. А мама тым часам разам з дзяўчынкамі падрыхтавала агарод, каб вясной засадзіць яго. Будуць трымаць і жывёлу, заўсёды мелі вялікую гаспадарку.
Так і жывуць, як звычайная сям'я, у якой сыны з татам займаюцца мужчынскімі справамі, а дачкі дапамагаюць маме па гаспадарцы. Ёсць і агульныя заняткі і інтарэсы. Напрыклад, летам на некалькі дзён выязджаюць з палаткамі на «залатыя пяскі» (так мясцовыя жыхары празвалі адно з маляўнічых азёр россонскага краю), а зімой катаюцца на лыжах. Або ж прымаюць удзел у школьнай выставе-кірмашы, для якой яны кожны год разам майструюць з газет, часопісаў, цэлафану і іншых падручных матэрыялаў незвычайныя касцюмы і сукенкі.
Дзевяцігадовы Рома радуе спартыўнымі поспехамі: другі год ездзіць на спаборніцтвы ад школы ў райцэнтр. Хлопчык наведвае спартыўную секцыю і марыць аб дасягненнях у лёгкай атлетыцы. Яго аднагодка Даша, як і мама Аня, захапляецца рукадзеллем. Сямігадовы Ігар, нягледзячы на асаблівасці псіхафізічнага развіцця, настолькі добра навучыўся гуляць у шашкі, што нават можа абыграць Веру, якая даўно займаецца гэтым інтэлектуальным відам спорту і ўдзельнічае ў турнірах.
Здавалася б, жыццё гэтай сям'і – суцэльная ідылія. Аднак перш, чым дамагчыся такіх вынікаў, прыёмным бацькам давялося нямала папрацаваць. Не абышлося без складанасцей, асабліва спачатку, калі ў 2006 годзе Ганна і Анатоль узялі пад сваё крыло двух братоў – адна- і дзесяцігадовага Рому і Віктара.
– У Клясціцах ужо былі прыёмныя сем'і, вось і мы вырашылі пайсці іх прыкладам. Тым больш я сама са шматдзетнай сям'і, заўсёды хацела, каб у доме расло больш, чым двое, дзяцей,– успамінае Ганна. – Хоць былі сумненні, ці справімся мы з роляй прыёмных бацькоў.
Віця аказаўся вельмі цяжкім дзіцем. Ён не разумеў, што трэба своечасова прыходзіць дадому, што яго чакаюць і хвалююцца. Відаць, у свой час прывык да таго, што можа цэлы дзень прападаць на вуліцы і ніхто яго не кантралюе. Тлумачылі, што так рабіць нельга, яму гэта не падабалася. Былі праблемы і ў школе, але паступова ўсё прыйшло ў норму. Паслухаўся нашай парады і скончыў вучэльню ў Полацку, атрымаў прафесію электрагазазваршчыка, адпрацаваў год у гаспадарцы ў Краснаполлі, уладкаваўся ў будаўнічую фірму ў Мінску.
Затым узніклі цяжкасці з вучобай у Дашы: не хацела рабіць урокі, практычна не ўмела чытаць, капрызіла. Але і з ёй усё нагналі, да канца года дзяўчынку нават пахвалілі ў школе. Цяпер яна самастойна выконвае хатняе заданне, мама толькі правярае.
Не абышлося і без рэўнасці, праўда, не ў родных дзяцей да прыёмных, а ў хлапчукоў да дзяўчынак. Асабліва не хацеў
«дзяліцца» мамай Раман, калі Даша і Юля туліліся да Ганны, атрымліваючы ў гэты час больш увагі.Паражае тое, расказвае Ганна, што ў дзяцей няма ніякага жадання мець зносіны з біялагічнымі бацькамі і іншай раднёй. Ды і тыя не асабліва прагнуць бачыцца, хоць жывуць у адным раёне, але нават па тэлефоне павіншаваць дзіця з днём нараджэння не заўсёды знаходзяць магчымасць. Толькі дзед Рамана цікавіцца жыццём унука ў новай сям'і, раней кожны раз з пенсіі прывозіў хлапчуку пачастункі. Праўда, апошнім часам з-за праблем са здароўем радзей наведвае Котавых, затое часцей тэлефануе.
Таму не дзіўна, што кожнае дзіця, якое прыйшло ў сям'ю Котавых, называла Ганну самым галоўным для жанчыны словам –
«мама». Тое, як раслі давер і любоў дзяцей, паказвае скрынка самаробных паштовак, падораных Ганне. Напрыклад, спачатку яны падпісваліся проста «Ад Ромы», затым – «Дарагой матулі. Твой сынок Рома».Жанчына знайшла сваё сапраўднае прызванне – расціць і выхоўваць дзяцей, ад якіх адмовіліся бацькі. Хоць да гэтага шмат гадоў працавала ў комплексна-прыёмным пункце краўшчыцай, некаторы час нават спрабавала сумяшчаць дзве справы, але потым усё роўна выбар зрабіла на карысць дзяцей.
Асабліва прыемна, калі мацярынскі праца заўважаецца і атрымлівае высокую ацэнку. Так, у 2010 годзе Ганна Котава была ўдастоена прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобывай-Марчанкі. А цяпер атрымала яшчэ і такі значны падарунак, як новы дом.
Яшчэ дзве шматдзетныя прыёмныя сем'і на Віцебшчыне ў хуткім часе адсвяткуюць наваселле. Да канца 2014 года плануюць здаць дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Расонах і Шаркаўшчыне, якія ўзводзяцца за кошт бюджэту. Таксама працягнецца будаўніцтва аналагічнага аб'екта ў Віцебскім раёне (в. Мазалава), але ўжо за спонсарскія грошы.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"