Толькі 53% дзяцей у сельскіх раёнах Віцебскай вобласці наведваюць дашкольныя ўстановы.
23 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці неабходна павысіць ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей з сельскіх раёнаў да 80% ад агульнай колькасці маленькіх жыхароў на сяле. Такі задачу паставіў сёння на абласной педагагічнай канферэнцыі начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цэлым па вобласці захоўваецца стабільна высокі ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй, адзначыў Іван Шчурок. Больш за 82% дзяцей дашкольнага ўзросту наведваюць дзіцячыя сады, а дашкольная адукацыя застаецца даступнай для ўсіх катэгорый насельніцтва, пры гэтым пяцігадовыя малышы ўсе без выключэння заняты падрыхтоўкай да школы. Разам з тым з 14,5 тыс. дзетак, якія пражываюць у сельскай мяснасці, наведваюць дзіцячыя дашкольныя калектывы толькі 53%.
Актуальнай праблемай для Віцебшчыны застаецца недахоп месцаў у дзіцячых садах, асабліва гэта тычыцца раёнаў новабудоўляў у гарадах, а таксама раёнаў кропкавай забудовы буйных населеных пунктаў. Для вырашэння пытання плануецца будаўніцтва новых дзіцячых садкоў на 200 месцаў у Полацку і Віцебску, а таксама ў Наваполацку, Оршы і Лепельскім раёне.
У найбліжэйшай перспектыве сістэме дашкольнай адукацыі вобласці трэба будзе сур'ёзная праца па арганізацыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагогаў, з якіх толькі каля 14% маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю. Гэтая праца будзе праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з Віцебскім дзяржуніверсітэтам імя П.Машэрава. Захоўвае актуальнасць праблема плыннасці кадраў, на пачатак 2011 года ў сістэме дашкольнай адукацыі заставаліся 193 вакансіі, што складала 3% ад агульнай колькасці працуючых. Для яе вырашэння патрабуецца ўдасканальваць сістэму матэрыяльнага стымулявання работнікаў дашкольных устаноў, арганізаваць павышэнне кваліфікацыі медработнікаў і работнікаў харчаблокаў, прапрацаваць пытанне мэтавай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, лічыць Іван Шчурок.
Усяго ў вобласці 660 устаноў забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі. У сістэме працуюць звыш 6,8 тыс. педагогаў.-0-