Дзіцячыя хрысціянскія фільмы ўпершыню будуць прадстаўлены на фестывалі Magnificat-2009

10 чэрвеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Дзіцячыя хрысціянскія фільмы, сярод якіх тры мультыплікацыйныя, упершыню будуць прадстаўлены ў конкурснай праграме V Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2009. Фестываль пройдзе 23-27 чэрвеня ў горадзе Глыбокае, вёсках Удзела, Масар і Іўе Глыбоцкага раёна (Віцебская вобласць), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адказны за сувязі са СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амельчаня. Сёлета ў конкурсе возьмуць удзел 40 кінакарцін і тэлепраграм, якія распавядаюць пра ўсе хрысціянскія канфесіі, з 15 краін. У паказе будуць прадстаўлены работы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Канады, Швейцарыі, Чэхіі, Грузіі, Албаніі, Італіі, Эстоніі. А такія краіны, як Аўстрыя, Ірландыя, Індыя і Германія, будуць удзельнічаць у конкурсе ўпершыню. Конкурсную праграму адкрые італьянская карціна "Біблія дзень і ноч". Беларусь прадставіць на конкурсе фільмы і тэлепраграмы Беларускага відэацэнтра, Белтэлерадыёкампаніі, віцебскай тэлекампаніі "Скіф", тэлекампаніі "Майстэрня Уладзіміра Бокуна", студыі мінскага касцёла Сымона і Алены - "Жорсткі раманс", "Сустрэча", "Святы Язафат", "Калі хочаш пачуць, паглядзі", "Панна Марыя з Ражкоўкі", "Валянціна Мінская. Святая XX стагоддзя". Плануецца, што ў рабоце юбілейнага феста возьмуць удзел Апостальскі нунцый у Беларусі архіепіскап Марцін Відовіч, каталіцкія біскупы Беларусі. Мэта правядзення фестывалю - прагляд і ацэнка беларускіх і замежных карцін і тэлепраграм, захаванне агульначалавечых каштоўнасцей, якія прапаведуюцца рознымі хрысціянскімі традыцыямі. Арганізатарамі фестывалю выступілі Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый SIGNIS-Беларусь, незалежная студыя "Стопкадр", рэдакцыя культурна-рэлігійнага часопіса "Дыялог", Віцебская дыяцэзія. Усяго за чатыры гады існавання конкурсу на ім было прадстаўлена каля 200 работ. Летась Гран-пры атрымаў дакументальны фільм "Ва ўсе дні" кінастудыі "Беларусьфільм".-0-