Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыецца ў Расонскім раёне
Першы са з запланаваных сёлета на Віцебшчыне дзіцячых домаў сямейнага тыпу ўведзены ў аграгарадку Клясціцы Расонскага раёна. Наваселле адбудзецца ў лістападзе, пакуль вядзецца добраўпарадкаванне, вырашаецца пытанне з мэбляваннем і закупкай бытавой тэхнікі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама.
У доме паселіцца сям'я Ганны і Анатоля Котавых. Гэтая сямейная пара была ў ліку першых у раёне, хто вырашыўся браць на выхаванне дзяцей-сірот. І ўсе іх прыёмныя дзеці, пасталеўшы, працягваюць наведваць Ганну і Анатоля, падтрымліваюць з імі сувязь. Цяпер муж і жонка выхоўваюць родную дачку Веру (старэйшы сын жыве асобна са сваёй сям'ёй) і чатырох прыёмных: школьнікаў Рамана, Ігара, Дар'ю і малодшую Юлію.
Тыпавы дзіцячы дом сямейнага тыпу з пяці пакояў і кухні пабудаваны за сродкі ААТ "АСБ Беларусбанк", які ініцыяваў і рэалізуе праграму "Бацькоўскі кут" па будаўніцтве такіх аб'ектаў. Акрамя таго, у мінулым годзе ў Віцебскай вобласці пачата будаўніцтва яшчэ чатырох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, з іх два - за кошт дзяржаўных капітальных укладанняў - у саміх Расонах і ў Шаркаўшчыне.
Аб'ект у Расонах на 95% завершаны, асвоена больш за Br1,6 млрд з Br2,1 млрд запланаваных (фінансаванне вядзецца амаль пароўну за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў). На будаўніцтва дзіцячага дома ў Шаркаўшчыне пакуль асвоена толькі Br237 млн з Br2,1 млрд запланаваных. Аднак, як запэўнілі ва ўпраўленні адукацыі, будынак будзе здадзены ў бягучым годзе. А вось яго "начынне", якое набываецца за сродкі мясцовага бюджэту, будзе завершана толькі ў 2015 годзе.
Што тычыцца яшчэ двух аб'ектаў, якія ўзводзяцца за кошт спонсарскіх сродкаў, то канчатковая дата іх уводу пакуль невядомая, хоць будаўніцтва абодвух знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Дом у Оршы будуе міжнародны дабрачынны фонд "Праект дапамогі дзецям Чарнобыля", а дом у аграгарадку Мазалава - некалькі камерцыйных банкаў.
На дадзены момант у вобласці 152 дзіцяці пражываюць у 22 дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Праца па рэалізацыі права дзяцей на пражыванне ў сям'і працягваецца. У бягучым годзе на выхаванне ў сем'і грамадзян уладкаваны 77% зноў выяўленых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Усяго ў 760 прыёмных сем'ях выхоўваюцца 1156 дзяцей.
Кацярына Князева