Дзіцячы фестываль міратворцаў пачаўся з дабрачыннага рэйсу Трамвая міру і згоды ў Віцебску
Трамвай міру і згоды падарожнічаў па галоўных вуліцах паўночнай сталіцы па ініцыятыве Беларускага фонду міру, яго абласнога аб'яднання і ААТ «Віцебскаблаўтатранс». Акрамя арганізатараў у вагоне з камфортам размясціліся прадстаўнікі ўлады горада і вобласці, прафсаюзныя актывісты і школьнікі.
Рэйс дабрачынны: кожны пасажыр мог унесці свой уклад у «кружку міру». Такая традыцыя даўно існуе ў славян, калі людзі ўсе разам збіраюць сродкі на добрую справу.
Дадзеная акцыя – толькі частка праграмы рэспубліканскага фестывалю дзіцячай міратворчасці «Дзеці за мір», які аб'яднаў каля сотні дзяцей з розных рэгіёнаў Беларусі ў турысцка-аздараўленчым комплексе «Лосьвіда». Юныя міратворцы Віцебшчыны ў 2023 годзе заваявалі магчымасць прымаць у сябе гасцей 10 – 12 чэрвеня. Удзельнікаў фестывалю таксама чакаюць цікавыя квэсты, экскурсіі па гістарычных мясцінах Гарадоцкага раёна, прагулкі па Дзвіне на цеплаходзе і песні ля вогнішча.
Трамвай міру здзейсніў некалькі працяглых прыпынкаў. Падчас першага пасажыры выйшлі на плошчы Перамогі, каб ушанаваць кветкамі Вечны агонь, а затым накіраваліся да мемарыяльнага комплексу «5-ы полк» на вуліцы Цітова.
Такім чынам чарговае пасяджэнне праўлення Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру прайшло «на колах» – непасрэдна падчас паездкі. Арганізатары выказалі надзею, што сумеснай падарожжа на Трамваі міру нагадала гасцям мерапрыемства пра самае галоўнае: неабходна памятаць сваю гісторыю, берагчы сяброўства, згоду і мірнае неба над галавой.