Дзіцячае свята "Дзвіна-Дзвіна-Daugava" збярэ ў Верхнядзвінску калектывы з Беларусі, Расіі і Эстоніі

10 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэгіянальнае свята "Дзвіна-Дзвiна-Daugava" збярэ ў Верхнядзвінску дзіцячыя калектывы з Расіі, Эстоніі і Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле культуры Верхнядзвінскага райвыканкама. Мерапрыемства, якое стартуе 28 мая ў 13-ы раз, прымеркавана да Дня абароны дзяцей. Яго ўдзельнікамі стануць каля 300 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў, якія прадстаўляюць 8 калектываў. У першы дзень дзеці будуць знаёміцца адзін з адным, а таксама апрабуюць творчыя сілы ў выступленнях у аграгарадках раёна. 29 мая пляцоўкай для правядзення свята стане раённы Дом культуры і прылеглая да яго тэрыторыя. Так, у ДК юныя ўдзельнікі, падзеленыя на старэйшую і малодшую ўзроставыя групы, будуць спаборнічаць у конкурсе тэатраў мод "Ззянне-2011". Ён пройдзе пад дэвізам "Чароўнасць зямлі маёй". У гэты ж час побач з Домам культуры разгорнуцца дзіцячыя атракцыёны, будуць арганізаваны гульні, конкурсы, лялечныя прадстаўленні, выступленні самадзейных артыстаў раённага цэнтра. Фестываль дзіцячай творчасці "Дзвіна-Дзвiна-Daugava" закліканы садзейнічаць умацаванню дружалюбных і культурных сувязяў паміж моладдзю розных краін. Яго арганізатарам выступае аддзел культуры Верхнядзвінскага райвыканкама.-0-