Дзіцячы сад на 200 месцаў адкрыюць у Віцебску
Дзіцячы сад на 200 месцаў адкрыюць у лістападзе ў Віцебску, паведамілі ў аддзеле па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска.
Дзіцячы сад узведзены ў маладым мікрараёне Білева. У дашкольнай установе збіраюцца размясціць 11 груп, сярод якіх група для дзяцей з пэўнымі парушэннямі ў развіцці, а таксама для кароткачасовага знаходжання. Плануецца, што апошняя будзе працаваць у дзве змены (першая – для дзяцей ад 3 да 6 гадоў, другая – з 1 да 3). Гэта група для малых, якія не наведваюць дашкольныя ўстановы, але бацькі хочуць, каб яны паступова адаптаваліся да новых умоў і ўліваліся ў адукацыйны працэс.
"Новы сад ужо практычна гатовы. Наводзіцца парадак у памяшканнях, завозіцца мэбля, завяршаецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, закуплена абсталяванне. Тут будуць басейн, ізастудыя, інтэрактыўны кабінет, спартыўны, трэнажорная і музычная залы – створаны ўсе ўмовы для навучання. Акрамя таго, на тэрыторыі саду размесцяцца пляцоўкі бяспекі ДАІ і МНС", – адзначылі ў аддзеле па адукацыі.
У новай дашкольнай установе створаць 60-70 рабочых месцаў. З дзецьмі будуць працаваць каля 30 педагогаў. У мікрараёне Білева працягваецца будаўніцтва і новай школы. Здаць яе плануюць у 2020 годзе.