Дзіцячы сад на 220 месцаў адкрыўся ў новым мікрараёне Полацка

Детский сад на 220 мест открылся в молодом микрорайоне Полоцка

Выдатным падарункам да Каляд і Новага года назваў адкрыццё важнага сацыяльнага аб'екта старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, які прыехаў павіншаваць жыхароў горада.

— Мы вельмі задаволены. Усё новае, прыгожае, цікавае. Выдатныя ўмовы, уважлівае стаўленне да дзяцей, — падзялілася радасцю маці траіх дзяцей Антаніна Вінаградава.

На чаргу ў дашкольную ўстанову яна стала, як толькі нарадзіўся малодшы сын Макар. Але ў дзіцячым садзе побач з домам для ўсіх жадаючых месцаў не хапае. Таму вазіць дзіця, якому цяпер тры з паловай гады, давялося ў мікрараён Марыненка. Уставалі, як расказала Антаніна, а шостай раніцы, дабіраліся больш за гадзіну, у дрэннае надвор'е і зусім заставаліся дома. Да таго ж на дарогу даводзілася марнаваць нямала грошай, асабліва калі ехалі на маршрутцы.

Падобныя нязручнасці адчувалі і іншыя бацькі мікрараёна Аэрапорт, дзе кожны год уводзяцца ў строй новыя дамы, што засяляюцца ў асноўным маладымі сем'ямі. У цэлым па горадзе дзіцячых садкоў сёння дастаткова, але ў крокавай даступнасці іх не хапае.

Будаўніцтва доўгачаканага аб'екта, як паведаміў кіраўнік будаўніча-мантажнага трэста №22 Юрый Жагун, пачалося ў 2010 годзе, але было прыпынена з-за недахопу сродкаў. Сітуацыя змянілася пасля таго, як гэтае пытанне ўзяў пад кантроль у верасні 2011-га кіраўнік вобласці. Была пастаўлена задача стабільна фінансаваць аб'ект і ўвесці яго ў строй як мага хутчэй. У пік работ, па словах Юрыя Жагуна, тут працавала да 140 чалавек. Будаўнікі пастараліся ўсё выканаць якасна і цалкам рэалізаваць задумкі архітэктара Георгія Байлевяляна, які прапанаваў незвычайны праект, што гармануе з размешчанай побач школай. Дзіцячы сад ужо называюць своеасаблівым домікам Барбі, бо па выглядзе ён нагадвае казачны замак з фігурным дахам, вежачкамі, каланадамі і афарбаваным у яркія колеры фасадам.

Разам з абсталяваннем будаўніцтва абышлося ў 32,6 млрд руб. Яшчэ каля 1 млрд руб. з раённага бюджэту затрачаны на набыццё цацак, посуду, інвентару. Створаны камфортныя ўмовы для развіцця і адпачынку дзяцей: утульныя спальні, добра абсталяваныя гульнёвыя пакоі, памяшканні для эстэтычнага выхавання. Закуплена сучаснае кухоннае і пральнае абсталяванне. У аздараўленчым блоку прадугледжаны сухі і звычайны басейны, фізкультурная і трэнажорная залы, у медыцынскім — ізалятары, кабінеты для інгаляцый і фізіятэрапеўтычных працэдур. На вуліцы пабудаваны зручныя гульнёвыя пляцоўкі з ценявымі навесамі і верандамі. Падарункам на наваселле ад аблвыканкама сталі 14 музычных цэнтраў, хатні кінатэатр і тэлевізар на суму 40 млн руб.

Агледзеўшы памяшканні, кіраўнік вобласці наведаў навагодні ранішнік і ўручыў дзецям салодкія падарункі, а затым пагутарыў з педагогамі, бацькамі і журналістамі.

— Будучыня нацыі — за дзіцячымі каляскамі на вуліцах гарадоў і вёсак нашай краіны, — сказаў Аляксандр Косінец. — І мы зробім усё неабходнае, каб стварыць камфортныя ўмовы, пры якіх людзі змогуць годна выхоўваць сабе змену, якая працягвае традыцыі, будуе моцную квітнеючую Беларусь.

Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што сёння на Віцебшчыне дашкольную адукацыю атрымліваюць 80% дзяцей. 50 тысяч дзяцей наведваюць 630 дзіцячых садкоў, ёсць 215 дзіцячых садкоў-школ, дзе ўжываецца бесперапынная сістэма падрыхтоўкі, шырока развітая сетка санаторна-аздараўленчых арганізацый. Умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых устаноў улада надае самае пільную ўвагу. Два-тры дзесяцігоддзі таму пра такое абсталяванне дзіцячых садкоў нават не марылі. Цяпер сучасныя падыходы ўжываюцца паўсюдна. І дашкольныя ўстановы, пабудаваныя даўно, таксама павінны быць забяспечаны найноўшым абсталяваннем, у тым ліку з дапамогай шэфскіх арганізацый. Мікрараёны гарадоў, падкрэсліў кіраўнік вобласці, павінны забудоўвацца комплексна: разам з жыллём тут неабходна ўзводзіць аб'екты культуры, вольнага часу, адукацыі. Вельмі важная крокавая даступнасць дзіцячых садкоў. Зразумела, бацькам зручней за 5-10 хвілін перадаць дзіця ў клапатлівыя рукі выхавальнікаў, а самім спакойна адпраўляцца на працу. Усяго ў вобласці цяпер будуюцца пяць дзіцячых садкоў на 1110 месцаў.

Гаворачы пра далейшае развіццё Полацка, Аляксандр Косінец звярнуў увагу на яго асаблівы статус як калыскі беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці, культуры, адукацыі. У сувязі з гэтым застаецца актуальнай канцэпцыя развіцця гістарычных раёнаў, рэалізацыя якой дазволіць ператварыць горад у буйны турыстычны цэнтр Беларусі. Па словах Аляксандра Мікалаевіча, Полацк штогод наведвае каля мільёна турыстаў. Кожны з іх у ідэале павінен пакідаць у горадзе як мінімум 100 долараў, але для гэтага патрэбна развітая інфраструктура, шырокая сетка гасцініц, аб'ектаў харчавання, вольнага часу. Турыстычны бізнес можа і павінен стаць значным крыніцай напаўнення бюджэту. А для ўвасаблення распрацаваных праектаў неабходна працягваць пошук інвестараў.

Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"