Дзіцячы сад з басейнам і сенсорным пакоем адкрыўся ў Біляво ў Віцебску

Детский сад с бассейном и сенсорной комнатой открылся в Билево в Витебске
Такіх сучасных дашкольных устаноў, як віцебскі яслі-сад №113, на Віцебшчыне пакуль няшмат. Але з кожным годам іх будзе ўсё больш, асабліва ў мікрараёнах новабудоўляў. Пра гэта падчас урачыстага адкрыцця дзіцячага садка №113 «Васілёк» у мікрараёне Білева абласнога цэнтра гаварылі кіраўнікі рэгіёну. На мерапрыемстве прысутнічаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.

У мікрараёне, які актыўна будуецца і дзе сёння пражывае каля 40 тысяч віцяблянаў, гэта ўжо трэцяя дашкольная ўстанова. Яна адрозніваецца ад іншых нават знешнім выглядам: прасторная, яркая, з велізарнай колькасцю дзіцячых пляцовак, упрыгожаная светлавой інсталяцыяй «Васількі».

– Білева – перспектыўны раён, – адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. – Адкрыццё новага садка – доўгачаканая падзея для мясцовых жыхароў. Сімвалічна, што гэта адбываецца напярэдадні свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, галоўнай ідэяй якой была сацыяльная справядлівасць. У нашай дзяржаве гэта актуальна. Дэпутаты парламента зараз разглядаюць дзяржаўны бюджэт на наступны год, у якім на 10-12% павялічацца асігнаванні на сацыяльную сферу. Гэта значныя сродкі.

Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў дадаў, што будаўніцтва адукацыйных устаноў у новым мікрараёне працягнуцца.

– У наступным годзе ў Біляво стане на дзевяць шматпавярховых дамоў больш, – сказаў ён. – Штогод дзіцячае насельніцтва мікрараёна прырастае на 900-1000 чалавек, а ўстаноў адукацыі не хапае, многім бацькам даводзіцца вазіць дзяцей у сады і школы далёка ад дома. Гэту праблему мы павінны вырашыць у бліжэйшыя гады, фарсіруючы будаўніцтва ў Біляво новых дзіцячых садкоў, здаць у эксплуатацыю другую школу і закласці трэцюю.

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін удакладніў канкрэтныя тэрміны ўводу ў строй новых аб'ектаў: плануецца, што да 2020 года ў Біляво з'явіцца яшчэ адзін дзіцячы сад і сярэдняя школа.

«Васілёк» разлічаны на 200 месцаў, заказчыкам будаўніцтва з'яўляецца прадпрыемства «УКС г. Віцебска», а генпадрадчыкам – ТАА «ПлісаСтрой».

Будаўнікамі асвоена больш за 5,4 млн руб., яшчэ 52 тыс. руб. з 85 тыс. запланаваных выдаткавана на абсталяванне дзіцячага сада.

Па словах спецыялістаў, дашкольная ўстанова аснашчана па апошнім слове тэхнікі, тут будуць укараняцца найноўшыя адукацыйныя тэхналогіі.

У распараджэнні дзяцей басейн, спартыўная зала, сенсорны пакой, ІЗА-студыя, музычная зала, камп'ютарны клас, медыцынскі блок, асобная група кароткачасовага знаходжання дзяцей. Сучасны падыход нават у дробязях: ад найноўшага абсталявання харчаблока і мультыборда да стэрылізатараў і сушылак для адзення малышоў.

"Віцебскія весці".