Дзіцячы погляд на вечныя тэмы прадстаўлены на выставе "Калядныя матывы" у Віцебску
11 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Звыш 350 работ прадстаўлена на абласной выстаўцы дзіцячай творчасці "Калядныя матывы", якая адкрылася сёння ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Сяргей Фадоненкаў.
У фарміраванні экспазіцыі прынялі ўдзел больш за 150 навучэнцаў ва ўзросце да 15 гадоў сярэдніх навучальных і дашкольных устаноў, аб'яднанняў па пазашкольнай рабоце і нядзельных школ. Арганізатары не абмяжоўвалі фантазію і жанравае выкананне работ, якія аб'яднаны тэмай калядных і народных святаў. Калядныя гісторыі ў выкананні маленькіх аўтараў - творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладного мастацтва - адрозніваюцца шчырасцю і непасрэднасцю, якія ўласцівы толькі маленькім творцам. Вечныя тэмы дабра, высакароднасці, цнотаў інтэрпрэтаваны часам нечакана, пры гэтым разважанне вядзецца на блізкай і зразумелай для сучасных дзяцей мове вобразаў, а дарослых прымушае па-новаму зірнуць на, здавалася б, знаёмыя ісціны.
Асноўнай мэтай праекта з'яўляецца прыцягненне падрастаючага пакалення да духоўных каштоўнасцей беларускага народа, а таксама знаёмства шырокай грамадскасці з творчасцю дзяцей і падлеткаў дзіцячых дашкольных і сярэдніх навучальных устаноў горада.
Арганізатарамі выстаўкі, якая прадоўжыцца да 21 студзеня, выступаюць упраўленні культуры і адукацыі аблвыканкама, а таксама Віцебская епархія Беларускай праваслаўнай царквы.-0-