Дзіцячы хор «Вясёлка» з Ушачаў выступіць на міжнародным фестывалі ў Маскве

13 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Узорны хор "Радуга" дзіцячай школы мастацтваў гарадскога пасёлка Ушачы (Віцебская вобласць) будзе прадстаўляць Беларусь на III Міжнародным фестывалі харавых калектываў "Спяваем табе, Масква!", які пройдзе ў расійскай сталіцы 23-26 красавіка 2009 года. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік хора Жанна Савіцкая. Малады харавы калектыў упершыню прыме ўдзел у фестывалі такога маштабу, які стане сур'ёзным творчым выпрабаваннем для юных музыкантаў. Канцэрты адкрыцця і закрыцця песеннага форуму пройдуць на сусветна вядомых пляцоўках - у канцэртных залах Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных і Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага. "Выступаць на такіх сцэнах заўсёды вельмі хвалююча, але мы пастараемся апраўдаць ускладзеныя на нас надзеі", - адзначыла Жанна Савіцкая. Ушацкі хор збіраецца ў Маскву па запрашэнні прэфектуры Паўночнай адміністрацыйнай акругі Масквы, якая выступае арганізатарам фестывалю і з якой у Віцебскай вобласці заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. Фестываль прысвечаны творчасці рускіх кампазітараў-юбіляраў 2009 года - М.Глінкі, М.Рымскага-Корсакава, М.Мусаргскага, М.Іпалітава-Іванова, А.Грэчанінава і Р.Гліэра. Акрамя твораў рускіх класікаў харавой музыкі ўшацкія музыканты павязуць у Маскву шырокі рэпертуар з беларускіх народных песень, знакамітую "Белавежскую пушчу", а таксама творы на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Праграмай фестывалю прадугледжаны таксама "канцэрты дружбы" ў маскоўскіх калектывах, а таксама круглы стол для кіраўнікоў хароў. "Спадзяюся, што ўдзел у фестывалі дасць нашаму калектыву каласальны досвед выступленняў, прынясе масу ўражанняў і дапаможа нам усталяваць новыя творчыя кантакты", - дадала Жанна Савіцкая. Узорны хор "Радуга" дзіцячай школы мастацтваў г.п.Ушачы створаны ў 2001 годзе. Асноўны склад хору - гэта дзеці 11-15 гадоў харавога і фартэпіяннага аддзяленняў школы. Нягледзячы на малады ўзрост, калектыў дасягнуў поспехаў у канцэртнай дзейнасці. Хор з'яўляецца лаўрэатам II Беларускага фестывалю "Беларусь - мая песня", неаднаразова прызнаваўся ў ліку лепшых на конкурсах дзіцячых харавых калектываў Віцебскай вобласці. Асноўны рэпертуар хору - гэта творы кампазітараў-класікаў, апрацоўкі народных песень, духоўная музыка, а таксама творы, напісаныя для дзяцей і юнацтва. Асноўнымі задачамі міжнароднага фестывалю харавой музыкі "Спяваем табе, Масква!" з'яўляюцца садзейнічанне мастацкай адукацыі і эстэтычнаму выхаванню дзяцей і юнацтва, прапаганда харавога мастацтва на лепшых узорах класічнай і народнай музыкі, удасканаленне выканальніцкага майстэрства і развіццё творчых здольнасцей дзяцей, а таксама развіццё творчых кантактаў паміж харавымі калектывамі Расіі і іншых краін. У фестывалі прымаюць удзел харавыя калектывы інструментальных і харавых аддзяленняў дзіцячых музычных школ, дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых мастацкіх школ.-0-