Дзіцяча-юнацкі спорт мае патрэбу ў большым фінансаванні - У. Алешкевіч

8 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзіцячаму і юнацкаму спорту неабходна большае фінансаванне, падкрэсліў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Уладзімір Аляшкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Арганізацыйныя, кадравыя і фінансавыя рэсурсы неабходна накіроўваць на развіццё дзіцячага і юнацкага спорту. Спорт высокіх дасягненняў фінансава не пакрыўджаны", - сказаў першы намеснік міністра. На яго думку, неабходна больш увагі надаць падтрымцы спартсменаў, якія ўваходзяць у рэзерв для ўдзелу ў Алімпіядах. У Віцебскай вобласці асаблівага кантролю патрабуе праца вучылішчаў Алімпійскага рэзерву. Паводле даных Уладзіміра Аляшкевіча, у Пекінскіх гульнях прынялі ўдзел 142 выпускнікі вучылішчаў Алімпійскага рэзерву, з іх толькі 5 - выпускнікі вучылішчаў Віцебскай вобласці, пры гэтым ні адзін з іх не прынёс у скарбонку зборнай медалі. Першы намеснік міністра выказаў пазіцыю Міністэрства спорту і турызму аб неабходнасці дэцэнтралізацыі ў падрыхтоўцы спартсменаў. У прыватнасці, Алімпійскім цэнтрам неабходна ствараць свае філіялы ў раёнах, цэнтру спартыўнай медыцыны ў Мінску варта развіваць сетку дыспансераў у абласных цэнтрах і гарадах, дзе існуе база для развіцця тых ці іншых відаў спорту. Падобная практыка з'яўляецца сусветнай і зараз актыўна рэалізуецца ў Расійскай Федэрацыі. У Віцебскай вобласці працуюць 34 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, 27 спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спортшкол, 2 вучылішчы Алімпійскага рэзерву, 1 школа вышэйшага спартыўнага майстэрства, 1 цэнтр Алімпійскага рэзерву па конным спорце. У спортшколах займаюцца амаль 23 тыс. навучэнцаў. Больш за 600 спартсменаў вобласці ўключаны ў склад нацыянальных зборных каманд. На ўдзел у зімовай Алімпіядзе ў Ванкуверы ад вобласці прэтэндуюць 17 спартсменаў у 5 відах спорту. Яшчэ 29 спартсменаў (10 відаў спорту) з'яўляюцца кандыдатамі на ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане.-0-