Дзевяць чалавек выратаваны на пажарах у Віцебскай вобласці за мінулыя суткі

16 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзевяць чалавек выратаваны супрацоўнікамі МНС на пажарах у Віцебскай вобласці за мінулыя суткі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. У двух выпадках ратавальнікам давялося выцягваць з задымленых памяшканняў грамадзян, якія знаходзіліся на той момант у стане алкагольнага ап'янення. Так, у Дубровне выратаваны двое мужчын, 1957 і 1962 гадоў нараджэння, і жанчына, 1958 года нараджэння. Узгаранне здарылася ў кватэры на трэцім паверсе трохпавярховага дома. З-за моцнага задымлення і вялікай колькасці алкаголю выратаваныя не змаглі самастойна пакінуць кватэру. Акрамя таго, ратавальнікі эвакуіравалі трох чалавек з суседніх кватэр. Папярэдняй прычынай пажару разглядаецца неасцярожнасць пры курэнні ў нецвярозым стане. Вінаватыя здарэння стаяць на прафілактычным уліку ў РАУС як злоўжываючыя спіртным, да таго ж не першы раз падвяргаюць сябе і суседзяў па доме небяспецы з-за згубнай прыхільнасці да алкаголю. Аналагічны выпадак адбыўся ў Сянне, дзе з задымленага дома ратавальнікі выцягнулі п'янага пенсіянера, 1949 года нараджэння, і дзвюх непрацуючых жанчын, 1959 і 1961 гадоў нараджэння. Прычынай пажару таксама стала неасцярожнасць пры курэнні ў нецвярозым стане. Акрамя таго, пры пажары ў Віцебску выратаваны двое малалетніх дзяцей і іх мама. Як паведамлялася, узгаранне адбылося ў трохпакаёвай кватэры на 10-м паверсе дома. З-за моцнага задымлення гаспадыня кватэры 1982 года нараджэння і двое хлапчукоў 2009 і 2010 гадоў нараджэння апынуліся ў адным з пакояў адрэзанымі ад магчымых шляхоў эвакуацыі. У выніку здарэння ніхто не пацярпеў, шпіталізацыя не спатрэбілася. Як устаноўлена, пажар адбыўся з-за дзіцячай сваволі з агнём.-0-