Дзевяць шляхецкіх сядзібаў чакаюць інвестараў для арганізацыі агратурызму ў Віцебскай вобласці
6 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзевяць шляхецкіх сядзібаў чакаюць сваіх інвестараў для арганізацыі агратурызму ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама.
У спіс увайшлі сядзіба Бішэўскага ў вёсцы Лынтупы, сядзібны дом мастака А.Ромера ў вёсцы Каралінова (Пастаўскі раён), сядзібныя комплексы ў Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім, Браслаўскім, Глыбоцкім, Сенненскім раёнах. У адпаведнасці з дэкрэтам №10 ад 6 жніўня 2009 года "Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" гэтыя невыкарыстоўваемыя аб'екты могуць быць прададзены новым уласнікам па спрошчанай схеме для рэалізацыі праектаў, звязаных з арганізацыяй турызму і адпачынку.
Як адзначылі ва ўпраўленні культуры, да некаторых сядзібаў ужо праявілі цікавасць як айчынныя, так і замежныя інвестары. У прыватнасці, сядзібны комплекс у Браслаўскім раёне можа неўзабаве ўвайсці ў склад санаторыя, які плануе пабудаваць замежны інвестар. На адну з сядзібаў у Пастаўскім раёне звярнулі ўвагу расійскія прадпрымальнікі. -0-