Дзевяць жыхарак Віцебскай вобласці ўзнагароджаны ордэнам Маці
14 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лепшых жанчын-маці ўшанавалі сёння ў Віцебскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўнымі ганаровымі гасцямі на ўрачыстым прыёме сталі 36 жанчын з усіх рэгіёнаў вобласці, якія выхоўваюць родных і прыёмных дзяцей. Дзевяць з іх узнагароджаны ордэнам Маці, 27 адзначаны Ганаровымі граматамі і прэміяй імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналолабавай-Марчанкі. Усяго ў Віцебскай вобласці ордэнам Маці ўзнагароджаны больш за 500 жанчын, прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналолабавай-Марчанкі ўдастоены амаль 270.
"Дзень маці - гэта даніна павагі і пакланення перад жанчынай і яе нялёгкім, але высакародным цяжарам мацярынства. І сёння ў нас ёсць яшчэ адна нагода выказаць вам глыбокую падзяку за гэту працу", - падкрэсліў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Новацкі, віншуючы маці са святам.
Ён адзначыў, што ўмацаванню сямейных каштоўнасцей, стымуляванню нараджальнасці ў Беларусі надаецца значная ўвага. Гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу заканадаўчых актаў і нацыянальных праграм, накіраваных на падтрымку сям'і, дзяцінства і мацярынства. На прыкладзе Віцебскай вобласці першы намеснік старшыні аблвыканкама расказаў аб некаторых мерах дапамогі дзяржавы. Так, у першым паўгоддзі дзяржвыплаты былі прызначаны амаль 142 тысячам дзяцей. На забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, якія выхоўваюцца ў малазабяспечаных сем'ях, накіравана Br6,3 млрд, дзякуючы чаму бясплатнае харчаванне атрымалі 6,2 тысячы малых.
Вялікая ўвага надаецца аздараўленню дзяцей. У цяперашні летні перыяд рознымі формамі аздараўленчых мерапрыемстваў у вобласці было ахоплена больш за 3 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 11,6 тысячы дзяцей з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Апошняй катэгорыі сем'яў была аказана дапамога на Br1,4 млрд для падрыхтоўкі дзяцей да школы.-0-