Дынаміка ў АПК, фішкі Форуму рэгіёнаў і айчынная вакцына. Прэзідэнт сабраў нараду па развіцці Віцебскай вобласці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па актуальных пытаннях развіцця Віцебскай вобласці. Спектр тэм шырокі - ад ходу ўборачнай кампаніі і стану спраў у аграрна-прамысловым комплексе ў цэлым да падрыхтоўкі да маючага адбыцца ў 2024 годзе Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і вытворчасці айчынных вакцын і лекавых прэпаратаў.

Сярод удзельнікаў нарады - старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Уладзімір Андрэйчанка, старшыня КДВ Васіль Герасімаў, віцэ-прэм'ер Леанід Заяц, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Ермаловіч, старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, кіраўнік Мінсельгасхарча Сяргей Барташ, Міністр фінансаў Юрый Селяверстаў, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло, намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, дырэктар РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Уладзімір Гарбуноў.

Аб уборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў

"Адно з самых гарачых (пытанняў. - Заўваж.) - уборка ўраджаю і нарыхтоўка кармоў. Месяц таму на селектарнай нарадзе мы абмеркавалі ўсе вострыя моманты і прынялі неабходныя рашэнні і па ўборцы, і канкрэтна па абласцях, у тым ліку па Віцебскай. Разам з тым шэраг праблем захоўваецца: звыш траціны плошчаў пакуль не прыбраны ў Віцебскай вобласці, ураджайнасць збожжавых істотна меншая за леташнюю, нарыхтоўка кармоў таксама ніжэйшая за ўзровень мінулага года", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сапраўды ёсць аб'ектыўныя фактары ў выглядзе засухі, на якія можа спаслацца кіраўніцтва вобласці, але такая сітуацыя была не паўсюль: "Палову засушыла, палова - былі нармальныя пасевы. Трэба было кампенсаваць недабор ураджаю ў засушлівых раёнах добрым ураджаем, дапусцім, у заходніх раёнах".

Прэзідэнт папрасіў старшыню аблвыканкама далажыць аб папярэдніх выніках уборачнай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наперадзе яшчэ ўборка многіх іншых культур, уключаючы кукурузу, і за кошт гэтай культуры можна кампенсаваць недабор па каласавых збожжавых.

Аб найважнейшым этапе, які яшчэ наперадзе

"Мы павінны ацаніць работу аграпрамысловага комплексу Віцебшчыны ў цэлым. І, калі Віцебшчына ці іншыя раёны нашай краіны нешта недаатрымалі збожжавымі каласавымі, рапсам, - у нас стаіць цудоўная кукуруза. Я папярэдзіў віцэ-прэм'ера і новага міністра сельскай гаспадаркі аб тым, што цяжэйшы і важнейшы этап наперадзе - падрыхтавацца і ўбраць кукурузу. Асабліва на зерне. Выдатная як ніколі стаіць кукуруза, выдатны ўраджай. І я ўпэўнены: калі мы ўсё ўбяром, то мы яшчэ два мільёны тон можам атрымаць кукурузнага збожжа", - заявіў беларускі лідар.

Аднак ён папярэдзіў, што проста гнацца за паказчыкамі па зборы збожжа не варта, трэба падыходзіць да пытання ўборкі кукурузы з улікам патрэб на месцах: "Убіраць кукурузу на зерне ці на сілас - гэта ваша справа. Не трэба гнацца дзеля таго, каб толькі вось атрымаць збожжа. Калі сфарміраваўся добры пачатак, то і кукурузны сілас будзе вельмі добры. Асабліва для Віцебскай вобласці. Ды і для іншых таксама".

Аляксандр Лукашэнка

Аб сітуацыі ў АПК Віцебскай вобласці і праблемных пытаннях

Гаворачы аб сітуацыі непасрэдна ў АПК Віцебскай вобласці, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што больш за тры гады таму быў выдадзены ўказ №70 - рэгіёну аказана важкая дзяржаўная падтрымка ў выглядзе расчысткі даўгоў, растэрміноўкі абавязацельстваў на 15 гадоў і іншае.

"Памятайце нашу размову - жорсткую, мужчынскую. Вынікі працы віцебскага АПК мы разглядалі неаднаразова, у тым ліку на выязных нарадах. Цяперашні губернатар даваў запэўненні, што рост эфектыўнасці будзе забяспечаны. Зразумела, адступаць ужо няма куды ні Віцебскай вобласці, ні Магілёўскай, ні Гомельскай, як і іншым, - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі. - Сёння мы бачым асобныя пазітыўныя зрухі: сельская гаспадарка вобласці ў цэлым паказвае станоўчую дынаміку, расце вытворчасць малака і надоі на карову (калі не будзе кармоў, то гэтая дынаміка абваліцца). Гэтага вельмі недастаткова. Праблем у нас хапае".

Напрыклад, зніжаецца пагалоўе і вытворчасць жывёлы, не хапае сыравіны, не загружаны магутнасці мясакамбінатаў. "Усяго толькі на траціну яны загружаны. Малочныя прадпрыемствы загружаны на 70%. Ёсць куды расці і ёсць дзе перапрацоўваць сыравіну - малако і мяса", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама звярнуў увагу на слабую дысцыпліну разлікаў за пастаўленую сельскагаспадарчую прадукцыю. "Гэта недапушчальна! Калі ў прадпрыемства няма грошай разлічыцца з сялянамі - з бюджэту аддавайце. Самі без зарплаты сядзіце, але людзям вярніце грошы. Асабліва за пастаўленыя малако і мяса", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

"Самае сумнае, што ў тым ліку і з насельніцтвам не разлічваемся, ад якога паступаюць сістэматычныя скаргі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў кіраўніка вобласці далажыць аб тым, у чым той бачыць рэзервы і як плануе завяршаць год.

Аб фішках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Адной з тэм нарады стала падрыхтоўка да правядзення летам 2024 года ў Віцебску XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

"Трэба максімальна сур'ёзна паставіцца да падрыхтоўкі. Ведаю, што прапанавана генеральная ідэя мерапрыемства - навука і інавацыі для эканамічнага развіцця саюза. Нам ёсць што прапанаваць партнёрам (поспех ТІБО-2023 таму пацвярджэнне) і ёсць што пазычыць у расійскіх калег з навукі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будучы Форум - гэта яшчэ адна пляцоўка для новых бізнес-ідэй: ад інавацыйных напрацовак да заключэння буйных кантрактаў. "Трэба далажыць аб распрацаваных канцэпцыях, планах па арганізацыі і нашых "фішках", якія мы гатовы прад'явіць народу. Можа, прыйшоў час запрасіць да ўдзелу партнёраў і з іншых краін?" - прапанаваў ён.

Аб айчыннай вакцыне і далейшых планах

"Галоўнае пытанне, з якога мы пачнем нашу працу, - рэалізацыя найважнейшага праекта: стварэнне айчыннай супрацьвіруснай вакцыны ў "БелВітуніфарм". Гэта пытанне для нас важнае яшчэ і таму, што губернатар Віцебскай вобласці, спецыяліст у гэтай сферы, абяцаў мне падключыцца да гэтага пытання. На фінансаванне праекта грошы былі прадугледжаны ў бюджэце і інавацыйным фондзе. Па плане будаўніцтва завода павінна завяршыцца ў гэтым годзе. Як мне дакладваюць, першы этап ззаду, доследная серыя вакцыны выпушчана", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Віцебскай вобласці ўжо асвоены тэхналогіі вытворчасці вакцын для жывёл - наяўны вопыт можна выкарыстоўваць пры стварэнні прэпаратаў для людзей.

"Напрацаваныя тут тэхналогіі мы зможам у далейшым шырока выкарыстоўваць для вытворчасці іншых вакцын і лекавых сродкаў", - асабліва падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт пацікавіўся якасцю атрыманага беларускага прэпарата, наколькі ён дзейсны і ў якія тэрміны можна будзе закрыць патрэбы краіны ў вакцыне. "Пакуль вакцынуем па сутнасці чужым прадуктам, - заўважыў ён. - Дарэчы, публічна папярэджваю Мінздароўе, што мы жорстка разбярэмся з сістэмнымі выпадкамі прыпісак і безгаспадарнасці падчас вакцынацыі насельніцтва, выяўленымі Камітэтам дзяржаўнага кантролю".

Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў далажыць, як праходзіць другі этап: "Тут трэба падумаць аб больш маштабных планах і пашырэнні лінейкі прадукцыі, каб не абмяжоўвацца адной вакцынай. Як мяне інфармуюць, ёсць перспектыўная прапанова аб выпуску супрацьпухлінных прэпаратаў для лячэння захворванняў крыві. Вельмі важны напрамак. Як гэтыя планы ўвязаны з выкананнем майго даручэння аб стварэнні біятэхналагічнага кластара?"

Адказам на дадзенае пытанне стаў даклад старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна. Ён паведаміў аб тым, што была распрацавана і зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай сістэмы забеспячэння біялагічнай бяспекі, вызначаны задачы па ўмацаванні міжгаліновага супрацоўніцтва і каардынацыі работы ўсіх службаў, якія маюць дачыненне да дадзенага пытання. На базе рабочай міждзяржаўнай групы пры ўрадзе створаны сітуацыйны штаб, працу якога каардынуе Мінздароўе і савет пры Саўміне.

"БЕЛТА"