Лепшыя навукоўцы і даследчыкі Віцебска атрымалі дыпломы доктара навук і званне прафесара
За «круглым сталом» з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам сабраліся прадстаўнікі розных навук: біялогіі, хіміі, матэматыкі, фізікі, філалогіі і іншых, — інтэлектуальная эліта Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што беларускія даследчыкі прымуць актыўны удзел у рэалізацыі комплекснай праграмы удасканалення навуковай сферы краіны, разлічанай на паэтапную мадэрнізацыю. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яе ўвасабленне ў жыццё забяспечыць прыярытэтнае правядзенне прарыўных даследаванняў, арыентаваных на інавацыйныя вытворчасці і развіццё сучасных інфармацыйных, авіякасмічных, хімічных, біялагічных, машынабудаўнічых і сельскагаспадарчых тэхналогій. Па словах Прэзідэнта, галоўным крытэрыем эфектыўнасці праведзенай працы будзе ўплыў яе вынікаў на рост айчыннай эканомікі.
У мінулым годзе 39 чалавек сталі доктарамі і больш за 500 — кандыдатамі навук, 49 — атрымалі вучоную ступень прафесара, а вучонае званне дацэнта прысвоена 369 суіскальнікам. Звыш 60 працэнтаў дысертацый — працы па прыродазнаўчых, тэхнічных і сельскагаспадарчых навуках, якія вызначаюць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.
Пасля ўручэння атэстатаў і дыпломаў вучоныя прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гутарцы з кіраўніком дзяржавы. Выкладчыкі і даследчыкі гаварылі аб дасягненнях і мэтах у сваіх сферах дзейнасці.
Напрыклад, прафесар Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Дзмітрый Рыклін узняў тэму ўкладу галіновай навукі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Сярод найбольш важных праблем вучоны адзначыў удасканаленне тэхналагічных працэсаў перапрацоўкі лёну, а таксама вырашэнне пытанняў у галіне імпартазамяшчэння і рэсурсазберажэння.
А прафесар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Субоцін адзначыў плённасць супрацоўніцтва з рознымі краінамі па міжнародных праграмах.
Алеся Саматой, "Віцьбічы"