Дырэктыва №4 дапаможа прадпрымальніцтву стаць паўнапраўным удзельнікам эканамічных працэсаў - бізнесмен

4 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дырэктыва №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь" дапаможа прыватнаму бізнесу стаць паўнапраўным удзельнікам эканамічных працэсаў. Такую думку выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Мартынаў. Прадпрымальніцтва з'яўляецца тым рэзервам, які дапаможа Беларусі захаваць сацыяльную накіраванасць эканомікі і інтэгравацца ў сусветную эканамічную сістэму, перакананы прадпрымальнік. Як уладальнік аднаго з буйных прыватных абутковых прадпрыемстваў, разам з іншымі членамі дзелавой супольнасці Мікалай Мартынаў прымаў удзел у падрыхтоўцы прапаноў для ўнясення ў Дырэктыву №4. Паводле яго слоў, дакумент убраў у сябе шэраг канцэптуальных прапаноў, сфармуляваных самімі прадпрымальнікамі. У прыватнасці, задэклараваны пераход да рынкавых механізмаў цэнаўтварэння, выключэнне ўмяшання органаў дзяржкіравання ў працэс цэнаўтварэння суб'ектаў прадпрымальніцтва, ліквідацыя бюракратычных перашкод паміж дзярти органамі і бізнесам, гарантыя захавання маёмасных правоў. Нямалаважным з'яўляецца і той факт, што дзяржава змяняе падатковае заканадаўства для таго, каб стымуляваць добрасумленнае выкананне падатковых абавязацельстваў. Практычнае ўвасабленне ў жыццё Дырэктывы №4 цяпер будзе залежаць ад механізму яе рэалізацыі. Як адзначыў Мікалай Мартынаў, дзелавая супольнасць, дэпутацкі корпус актыўна працуюць над падрыхтоўкай прапаноў па распрацоўцы такіх механізмаў. "Дырэктыва №4 будзе спрыяць яшчэ і наладжванню дыялогу паміж бізнесам і дзяржавай", - падкрэсліў суразмоўца. -0-