Дырэктыва №4 дазволіць якасна развівацца прыватнаму сектару, лічаць віцебскія прадпрымальнікі
22 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскія прадпрымальнікі называюць Дэкрэт №4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь" сваёй Канстытуцыяй і лічаць, што ён дазволіць якасна развівацца прыватнаму сектару эканомікі. Аб гэтым у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА распавёў начальнік упраўлення развіцця прадпрымальніцтва і спажывецкага рынку камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянцін Цветкаў.
Паводле яго слоў, прадпрымальнікі рэгіёну прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта №4 і ўнеслі каля 20 прапаноў. Значная частка з іх датычыцца маёмасных адносін, правядзення праверак, крэдытавання праектаў і дзяржпадтрымкі малога бізнесу, а таксама скарачэння адміністрацыйных працэдур.
Усе гэтыя прапановы знайшлі адлюстраванне ў праекце плана мерапрыемстваў, які цалкам задаволіў віцебскую бізнес-супольнасць і быў ухвалены Прэзідыумам Саўміна. Пры гэтым прадпрымальнікі выразна ўяўляюць, што Дэкрэт №4 з'яўляецца праграмным дакументам і не ўсе прапановы па яго ажыццяўленні могуць быць прыняты адначасова. Некаторыя патрабуюць дадатковых кансультацый і разлікаў, таму прадпрымальнікі не згортваюць працу па ўнясенні прапаноў.
Як адзначыў Валянцін Цветкаў, у Віцебскай вобласці прадпрымальніцтву аказваецца ўсебаковая падтрымка. Абласным цэнтрам маркетынгу праведзена даследаванне, на падставе якога створаны пералік запатрабаваных для канкрэтных раёнаў вытворчасцей і паслуг, якія можа ствараць малы бізнес. Для прадпрымальнікаў распрацаваны тыпавыя бізнес-планы гэтых праектаў. Прыватнікі атрымалі шырокі доступ да рэалізацыі 25 найважнейшых інвестыцыйных праграм развіцця вобласці.
Паводле даных на 1 студзеня 2011 года, у Віцебскай вобласці зарэгістравана больш за 29 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, звыш 8 тыс. малых і сярэдніх прадпрыемстваў. У 2010 годзе прадпрымальнікі стварылі 18,8 тыс. працоўных месцаў, што складае амаль 75% ад усіх створаных у рэгіёне. Прыватнікі інвесціравалі летась у асноўны капітал Br568,5 млрд., экспартавалі прадукцыі на 28% больш, чым у 2009-м. У студзені 2011 года інвестыцыі прыватнага бізнесу склалі Br32 млрд.-0-