Дырэктар фестывалю «Славянскі базар» Радзівон Бас стаў «Чалавекам года Віцебшчыны».

28 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Генеральны дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас удастоены сёння ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Напярэдадні правядзення юбілейнага XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў прадусар, рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі атрымаў узнагароду за развіццё міжнародных сувязяў і велізарны ўклад у развіццё знакамітага фестывалю. Са сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, дзе праходзіла ўрачыстая цырымонія ўшанавання, Радзівон Бас шчыра падзякаваў сваіх калег, з якімі на працягу многіх гадоў займаецца падрыхтоўкай і правядзеннем фестывалю. Ён прызнаўся, што гэтая ўзнагарода належыць і ім. "Дзякуй усім, хто паважае нашу прафесію, такую нялёгкую, але такую патрэбную людзям", - не хаваючы хвалявання, сказаў ён. Ганаровага звання "Чалавек года Віцебшчыны" ўдастоены 100 жыхароў Віцебскай вобласці. Яны заахвочаны за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, за паспяховыя і самаадданыя дзеянні па выратаванні людзей, забеспячэнні законнасці і правапарадку, высокія дасягненні ў галіне навукі, адукацыі, культуры, спорту, актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, а таксама за іншыя дасягненні, якія прынеслі вядомасць Віцебскай вобласці і атрымалі прызнанне грамадства. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання завяршылася святочным канцэртам, падрыхтаваным лепшымі артыстамі вобласці. Кіраўніком рэжысёрска-пастановачнай групы быў Радзівон Бас.-0-