Дырэктар мінскай фірмы пад выглядам мазуту пастаўляў ветрынскаму ЖКГ нафтавую эмульсію
22 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дырэктар мінскай фірмы пад выглядам мазуту пастаўляў Ветрынскаму ЖКГ нафтавую эмульсію, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкама.
З'яўляючыся службовай асобай, 36-гадовы кіраўнік мінскага таварыства з абмежаванай адказнасцю заключыў з Ветрынскім прадпрыемствам ЖКГ дагавор на пастаўку 122,5 т мазуту "М-100" коштам звыш Br93 млн. Аднак замест паліва несумленны дырэктар паставіў 122,5 т нафтавай эмульсіі, цана якой складала Br21,3 млн. Розніцу ён планаваў пакінуць сабе, і яму ўдалося прысвоіць Br39,5 млн. Аднак далейшаму крадзяжу перашкодзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія раскрылі злачынства.
За крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам, учынены ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да кіраўніка ўзбуджана крымінальная справа па ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.-0-