Дырэктар абласной бібліятэкі імя Леніна Таццяна Адамян узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

У абласной бібліятэцы імя У. Леніна сёння з круглай датай віншавалі дырэктара ўстановы Таццяну Адамян. Заслугі юбіляра адзначаны на высокім узроўні – Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Уручаючы заслужаную ўзнагароду, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў падкрэсліў, што Таццяна Адамян – чалавек на сваім месцы і аддана служыць любімай справе.

– Тое, што за апошнія гады абласная бібліятэка стала храмам не толькі кнігі, але і культуры ў цэлым, – заслуга перш за ўсё яе кіраўніка, якая змагла згуртаваць калектыў. Я скажу, чаго не хапае Таццяне Мікалаеўне, – грошай. Сёння няма ранейшых фінансавых патокаў, пры гэтым бібліятэка істотна пераўтварылася, набыла сучасныя рысы, рэалізуе цікавыя праекты, якія адзначаюць у рэспубліцы, – адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці.

Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі звярнуў увагу на такія якасці Таццяны Адамян, як невычарпальная энергія і імкненне рухацца наперад.

Віцебская бібліятэка не раз па розных напрамках дзейнасці станавілася лепшай у Беларусі. Адзін з апошніх прыкладаў – перамога ў рэспубліканскім конкурсе ў намінацыі «Лепшы інтэрактыўны бібліятэчны праект патрыятычнай тэматыкі» за стварэнне базы даных «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944”.

Аб цесным партнёрстве і ў першую чаргу з яе кіраўніком гаварыла старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алена Сабірава, якая ўручыла Таццяне Адамян ад прафсаюза Ганаровую грамату.

За актыўную асветніцкую, навукова-даследчую краязнаўчую дзейнасць, асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы Таццяне Адамян было прысвоена Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны-2019».

Таццяна Адамян працуе дырэктарам абласной бібліятэкі з 2014 года. Пад яе кіраўніцтвам створаны і працягваюць актуалізавацца базы даных уласнай генерацыі. Найбольшай запатрабаванасцю карыстаюцца рэсурсы краязнаўчай накіраванасці: «Афганістан. Без права на забыццё», «Мастакі Віцебшчыны», «Чалавек года Віцебшчыны», «Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць» і інш. Іх стварэнне дазволіла значна павялічыць колькасць віртуальных наведванняў афіцыйнага сайта бібліятэкі, якія з'яўляюцца найбольш высокімі па рэспубліцы сярод публічных бібліятэк. Асаблівую ўвагу дырэктар удзяляе навукова-даследчай, выдавецкай і сацыякультурнай дзейнасці ўстановы, падтрымлівае яе статус галоўнага рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра. Таццяна Адамян – аўтар шэрагу навуковых публікацый па пытаннях бібліятэчнай справы ў айчынных і расійскіх прафесійных перыядычных выданнях.

Завяршылася ўшанаванне віншаваннем калектыву, які цэніць і ганарыцца сваім кіраўніком.

"Віцебскія весці".