Дырэктар адной з віцебскіх фірмаў ухіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за Br800 млн.
4 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дырэктар адной з віцебскіх фірмаў ухіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за Br800 млн, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы следчы аддзела папярэдняга расследавання УДФР КДК па Віцебскай вобласці Валерый Бучмінскі.
У перыяд з 2008-га па чэрвень 2010 года дырэктар аднаго з прыватных унітарных гандлёвых прадпрыемстваў (ПУГП) абласнога цэнтра, які займаўся рэалізацыяй мабільных тэлефонаў, прадаваў новыя апараты як прынятыя па камісіі ад прыватных асоб. Дзякуючы гэтаму кіраўнік плаціў значна меншы падатак за рэалізаваны тавар. За 2,5 года такім чынам ён ухіліўся ад выплаты падаткаў на суму больш за Br800 млн.
Аналагічную шэрую схему працяглы час ужываў яшчэ адзін дырэктар ПУГП. Яго запазычанасць склала больш за Br200 млн.
За ўхіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры ў дачыненні да кіраўнікоў узбуджаны крымінальныя справы па арт.243 ч.2 Крымінальнага кодэкса Беларусі, якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі з магчымай канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, у іх канфіскаваны мабільныя тэлефоны агульным коштам амаль на Br21 млн. Вядзецца следства.-0-