Дырэктар віцебскага каледжа налічваў сваім работнікам грошы, а затым прысвойваў іх
26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар віцебскага каледжа налічваў сваім работнікам грошы, а потым іх прысвойваў. Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, а таксама іншыя махінацыі кіраўніка ўстановы адукацыі выявілі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў Віцебску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе КДК Беларусі.
У ходзе расследавання супрацоўнікі фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю ўстанавілі, што дырэктар каледжа ў 2009-2010 гадах неабгрунтавана штомесяц выдаваў загады аб прэміраванні работнікаў за кошт сродкаў эканоміі фонду заработнай платы, а пасля атрымання гэтых прэмій работнікамі каледжа патрабаваў у іх праз галоўнага бухгалтара здаць яму частку атрыманых грошай. Як правіла, работнікам прапаноўвалася пазбавіцца ад 30% фактычнага памеру надбавак і прэмій, якія кіраўнік каледжа выкарыстоўваў для арганізацыі святочных банкетаў, культурна-масавых мерапрыемстваў, сустрэч дэлегацый, віншавання вышэйшага кіраўніцтва. У выніку гэтых дзеянняў дырэктар каледжа дапусціў непажаданае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, што пацягнула прычыненне шкоды Віцебскаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму каледжу і яго службоўцам у памеры Br21,4 млн.
Яшчэ адна махінацыя, якая прымянялася дырэктарам па прысваенні сродкаў каледжа, была звязана з прымусовым налічэннем сваім супрацоўнікам матэрыяльнай дапамогі. Кіраўнік каледжа прымушаў падначаленых афармляць заявы і ведамасці аб выдачы матэрыяльнай дапамогі, якая без правядзення сумеснага пасяджэння адміністрацыі каледжа і прафсаюзнага камітэта неабгрунтавана ім выдзялялася. Значную частку матэрыяльнай дапамогі (Br26,7 млн.) пазней дырэктар забраў для сваіх асабістых патрэб. Яны былі накіраваны на рамонт кватэры, якая належыць яго жонцы. Больш таго, траціцца на аплату паслуг будаўнікоў яму не давялося. Усе будаўніча-рамонтныя работы, згодна з загадам дырэктара, ажыццяўляліся рабочымі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа ў працоўны час, за які ім налічвалася заработная плата.
За здзяйсненне названага злачынства дырэктар каледжа асуджаны да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады з адтэрміноўкай выканання пакарання на 2 гады. Былому кіраўніку навучальнай установы давядзецца выплаціць штраф у памеры 400 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.). Акрамя таго, ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады. Прыгавор уступіў у законную сілу.-0-