Дырэктары сямі прадпрыемстваў прызнаны найлепшымі ў Віцебскай вобласці па выніках працы ў 2009 годзе
27 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Найлепшымі кіраўнікамі Віцебскай вобласці па выніках 2009 года прызнаны дырэктары сямі прадпрыемстваў рэгіёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў савеце абласнога саюза наймальнікаў.
Конкурс "Найлепшы кіраўнік года Віцебскай вобласці" праводзіцца саюзам наймальнікаў у чацвёрты раз і закліканы стымуляваць павышэнне дзелавой кваліфікацыі і прафесіяналізму дырэктарскага корпуса. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца кіраўнікі вытворчых прадпрыемстваў незалежна ад форм уласнасці, а права вылучэння кандыдатаў прадастаўлена гарадскім і раённым філіялам саюза наймальнікаў. Пры падвядзенні вынікаў улічваюцца 17 паказчыкаў у асноўнай гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства. Паводле палажэння аб конкурсе ганаровае званне можа быць прысвоена тром дырэктарам у Віцебску, па адным - у Оршы, Полацку і Наваполацку, а таксама двум з сельскіх раёнаў.
Найлепшымі кіраўнікамі Віцебскай вобласці 2009 года сталі дырэктар ААТ "Віцебскі маслаэкстракцыйны завод" Уладзімір Ермалік, генеральны дырэктар ААТ "Віцебскія дываны" Андрэй Шамшура, генеральны дырэктар наваполацкага ААТ "Белсплат" Васіль Чычыкайла, дырэктар аршанскага ПУП "Нітка" АА "Беларускае таварыства глухіх" Сяргей Кузняцоў, дырэктар Полацкага хлебазавода - філіяла РУП "Віцебскхлебпрам" Сяргей Лейчанка, дырэктар унітарнага прадпрыемства "Чашніцкае ПМС" Верамей Гаўрылаў і кіраўнік УП "Глыбоцкая ПМК Меліявадгас" Эдуард Танканогі. Уручэнне ганаровых дыпломаў і грашовых прэмій у памеры пяці базавых велічынь (у цяперашні час адна базавая велічыня складае Br35 тыс.) пройдзе на адным з пасяджэнняў абласнога савета наймальнікаў у лютым.
Віцебскі абласны савет наймальнікаў (ВАСН) - найбуйнейшае некамерцыйнае аб'яднанне наймальнікаў Прыдзвінскага краю, членамі якога з'яўляюцца больш за 250 прадпрыемстваў і арганізацый. Аб'яднанне заснавана ў 1999 годзе, яго філіялы створаны ў шасці раёнах вобласці. На сённяшні дзень выпуск прамысловай прадукцыі прадпрыемстваў - членаў ВАСН складае больш за 70% агульнага аб'ёму вытворчасці прадпрыемстваў вобласці.-0-