Дырэкцыя фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" разлічылася з усімі артыстамі за выступленні ў 2009 годзе - Р.Бас

28 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дырэкцыя Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" разлічылася з усімі артыстамі, якія прымалі ўдзел у XVIII міжнародным фестывалі ў 2009 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" - дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў Радзівон Бас, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. "Мы засталіся ў даўгах па мінулым фестывалі Br461 млн., але нікому з зорак мы не павінны, з усімі артыстамі мы разлічыліся", - сказаў ён. У суму названай запазычанасці ўваходзіць аўтарскае ўзнагароджанне Нацыянальнаму цэнтру інтэлектуальнай уласнасці ў памеры Br211 млн. Астатняе - даўгі перад расійскімі партнёрамі і кампаніяй, якая выконвала афармленне сцэны. На думку Радзівона Баса, дырэкцыя фестывалю недаатрымала сродкі з-за сарваных канцэртаў, якія абяцалі быць высокарэнтабельнымі. Напрыклад, не адбыўся канцэрт Тота Кутуньё, хоць яго чакала публіка. Адносна сёлетняга фестывалю ёсць упэўненасць, што ўсе канцэрты адбудуцца, і плацяжы будуць ажыццёўлены своечасова, дадаў ён.-0-