Дзюноўскія чытанні для юных даследчыкаў гуманітарнага права пройдуць упершыню ў Віцебскай вобласці
12 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Першыя абласныя дзіцячыя Дзюнанаўскія чытанні пройдуць у Віцебску 13 мая з удзелам больш як 50 юных даследчыкаў міжнароднага гуманітарнага права. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
На працягу апошніх пяці гадоў курс "Даследуючы гуманітарнае права" прайшоў шлях ад эксперымента да масавага ўкаранення ў навучальны працэс. У бягучым навучальным годзе яго вывучаюць больш як 800 навучэнцаў у кожным раёне вобласці на базе звыш 80 школ. Для педагогаў арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі, штогод праводзяцца Дзюнанаўскія чытанні, а сёлета вырашана правесці чытанні і для юных даследчыкаў. Правядзенне чытанняў для навучэнцаў заклікана дапамагчы ім усвядоміць значэнне норм гуманітарнага права ў жыцці кожнага чалавека, спрыяць станаўленню асобы, арыентаванай на гуманістычныя каштоўнасці, а таксама фарміраванню правасвядомасці навучэнцаў на аснове разумення імі каштоўнасці чалавечай асобы.
У ходзе мерапрыемства юныя даследчыкі прадставяць даклады і мультымедыйныя прэзентацыі праектаў па тэмах "Гісторыя міжнароднага гуманітарнага права", "Міжнароднае гуманітарнае права і правы чалавека", "Гуманітарны ўчынак: сутнасць і значэнне", "Мая скарбонка дабра", "Абарона культурных каштоўнасцей у перыяд узброеных канфліктаў" і іншых напрамках тэматыкі чытанняў.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць абласная арганізацыя БТЧК, абласны інстытут развіцця адукацыі пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.
Анры Дзюнан - заснавальнік Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, швейцарскі гуманіст, грамадскі дзеяч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.-0-