Працяглыя тэрміны пазбаўлення волі пагражаюць сямі аршанцам за групавое згвалтаванне непаўналетняй
10 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Працяглыя тэрміны пазбаўлення волі пагражаюць сямі жыхарам Оршы за групавое згвалтаванне непаўналетняй, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы следчы па асабліва важных справах следчага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Сяргей Саўчанка.
Нагодай для здзяйснення злачынства стала сварка дзвюх сямігадовых сябровак. Вычарпаўшы славесныя довады для вырашэння канфліктнай сітуацыі, дзяўчаты пабіліся. За выдраныя пасмы валасоў і падрапаны твар адна з іх паабяцала адпомсціць. Літаральна праз месяц яна сабрала кампанію: сваю знаёмую і пяць хлопцаў ва ўзросце ад 17 да 28 гадоў. Ашуканскім шляхам яны выманілі позна ўвечары крыўдзіцельку з кватэры.
На пляцоўцы дзяўчыну схапілі, закрылі рот, а затым на мікрааўтобусе вывезлі з горада на адну з бязлюдных вясковых дарог. Спачатку яе збілі былыя сяброўкі, а затым згвалтавалі маладыя людзі. Пасля "пакарання" пацярпелую ўсё ж прывезлі назад у горад і пакінулі пасля папярэдняга запалохвання і пагроз у адрас усёй яе сям'і каля дома.
Аб тым, што здарылася, у праваахоўныя органы паведаміла маці пацярпелай. Выявіць усіх удзельнікаў злачынства аказалася нескладана. Цяпер у дачыненні да маладых людзей са злачыннай кампаніі ўзбуджана крымінальная справа па факце выкрадання і згвалтавання групай асоб загадзя непаўналетняй, а ў дачыненні да дзяўчат - за выкраданне і арганізацыю злачынства. Пакаранне, прадугледжанае Крымінальным кодэксам Беларусі за дадзеныя дзеянні, складае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа перададзена ў суд Аршанскага раёна і горада Оршы.-0-