Працяглыя тэрміны пазбаўлення волі атрымалі трое жыхароў Наваполацка за помсту «гвалтаўніку»
22 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Працяглыя тэрміны пазбаўлення волі атрымалі трое жыхароў Наваполацка за помсту "гвалтаўніку", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізе судовай практыкі пракуратуры Віцебскай вобласці Дзмітрый Арэх.
Аднойчы падчас сяброўскай застоліцы 22-гадовая навапалачанка прызналася свайму мужу, што яе згвалціў іх агульны знаёмы. Гнеў абуранага мужа, які падаграваўся парамі спіртнога і не менш агрэсіўнай падтрымкай сябра, запатрабаваў неадкладнай помсты. Прыйшоўшы дадому да нягодніка, які замахнуўся на гонар замужняй жанчыны, мужчыны з парога і без лішніх тлумачэнняў пачалі яго біць. Пасля нанясення шматлікіх удараў рукамі, нагамі і падвернутай палкай, а таксама апёкаў цыгарэтай "мсціўцы" прытаміліся і паклікалі на дапамогу пакрыўджаную даму. Нанесеныя крыўдніку пабоі здаліся дзяўчыне недастатковым пакараннем, і яна таксама дадала ўжо не супраціўляўшамуся мужчыну столькі, колькі змагла, а ў якасці маральнай кампенсацыі прыхапіла яго мабільны тэлефон і магнітафон.
Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў навапалачанін сканаў праз некалькі дзён у бальніцы. Абвінавачванні ў згвалтаванні, высунутыя ў дачыненні да яго, падчас следства не пацвердзіліся, а мсціўцы, якія ўчынілі самасуд, селі на лаву падсудных. Жанчына асуджана да 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі, яе муж - да 8 гадоў і 3 месяцаў, а сямейны сябар - да 8 гадоў. Прысуд уступіў у законную сілу.-0-