Для гасцей II Еўрапейскіх гульняў закупяць 75 аўтобусаў турыстычнага класа
Аўтобусы затым перададуць на баланс аўтатранспартных прадпрыемстваў Мінска і рэгіёнаў для аказання турыстычных паслуг насельніцтву. Да Еўрапейскіх гульняў абнаўляецца рухомы склад грамадскага транспарту. Для Мінска павінна быць закуплена 60 электробусаў, каля 300 аўтобусаў, з іх 200 - для абслугоўвання пасажыраў (яны ўжо выкарыстоўваюцца), 100 - для перавозкі спартсменаў.
Прапрацоўваецца магчымасць унядрэння аплаты за праезд банкаўскай картай у наземным транспарце.
Як паведаміў спецыяліст аддзела арганізацыі дарожнага руху на аб'ектах упраўлення транспартнага забеспячэння фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Барыс Кляшчонак, у транспартным абслугоўванні ўдзельнікаў і заўзятараў спартыўных спаборніцтваў будуць задзейнічаны аўтобусы трох відаў - МАЗ-251 на 47 месцаў, "Нёман" - на 28 месцаў і МАЗ-203 на 26 месцаў.
Цэнтральны транспартны хаб размесціцца на вуліцы Гарадскі Вал, адкуль аўтобусы будуць адпраўляцца па шасці маршрутах. На гэтую ж пляцоўку даставяць тых, хто прыбывае праз аэрапорт (час руху аўтобусаў 30 хвілін).
"Разглядаецца магчымасць дастаўкі кліенцкіх груп на аб'ект Ганалес (вёска ў Ждановіцкім сельсавеце каля Заслаўскага вадасховішча. - Заўвага. БЕЛТА) з чыгуначнага вакзала. Акрамя таго, будуць выкарыстоўвацца брэндаваныя легкавыя аўтамабілі "Джылі", - дадаў Барыс Кляшчонак.
Ён таксама нагадаў аб тым, што заключана пагадненне з дыспетчарскімі службамі таксі аб непавышэнні тарыфаў. II Еўрапейскія гульні пройдуць 21-30 чэрвеня ў Мінску. Усяго будзе задзейнічана 12 спартыўных аб'ектаў, уключаючы найбуйнейшыя: нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна", Палац спорту.