Для медустаноў Віцебскай вобласці ў 2014 годзе закуплена новае абсталяванне на Br40 млрд
Каля Br40 млрд затрачана на аснашчэнне ўстаноў аховы здароўя Віцебскай вобласці новым абсталяваннем у 2014 годзе, і гэта толькі кошт ужо набытага абсталявання, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Андрэй Андрушкін.
Згодна з планам цэнтралізаваных закупак Міністэрства аховы здароўя для Віцебскай вобласці ўжо набыты і фактычна знаходзяцца ў вобласці 9 рэнтген-апаратаў (уключаючы 2 пульмасканы), ангіяграфічны комплекс, сістэма для гемадыялізу, якія размеркаваны паміж лячэбнымі ўстановамі. Самым дарагім набыццём з'яўляецца ангіяграфічны комплекс вытворчасці Toshiba для Віцебскай абласной клінічнай бальніцы - яго кошт дасягае Br16,5 млрд.
Аднак каб усталяваць новае абсталяванне і пачаць яго эксплуатацыю, трэба падрыхтаваць памяшканні (правесці мадэрнізацыю, капітальныя і бягучыя рамонты) Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы, абласнога клінічнага супрацьтуберкулёзнага дыспансера, Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы. На гэтыя мэты неабходна Br3,9 млрд. Таму па хадайніцтве ўпраўлення аховы здароўя на пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў было ўнесена прапанову накіраваць частку сродкаў абласнога бюджэту на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых медустаноў. Акрамя вышэйназваных аб'ектаў да канца года з міжбюджэтных трансфертаў будзе забяспечана фінансаванне Лёзненскаму райвыканкаму на рамонт цэнтральнай раённай бальніцы (Br350 млн) і Аршанскаму (Br2 млрд) - для павышэння заработнай платы медработнікаў.
Акрамя таго, вырашана накіраваць Br9,1 млрд на аплату спецыялізаванага абсталявання для Віцебскага абласнога клінічнага анкадыспансера. Прадпрыемства "Белмедтэхніка" ўжо правяло працэдуру закупкі і заключыла кантракт на пастаўку абсталявання.
Усяго з фінансавага рэзерву для ўпраўлення аховы здароўя да канца года будзе накіравана Br15,3 млрд.
Кацярына Князева