Для дробнага рознічнага гандлю ў Віцебску будуць вызначаны спецыяльныя пляцоўкі
Што трэба зрабіць, каб у абласным цэнтры пакупнікам перасталі прапаноўваць не якасныя тавары? Як змагацца з несанкцыянаваным гандлем? Якія меры дапамогуць паўночнай сталіцы ў гэтым плане ператварыцца з негатыўнага прыкладу ў узор для пераймання? Прадстаўнікі зацікаўленых службаў абмеркавалі дадзеныя пытанні на калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці.
Вынікі кантрольных мерапрыемстваў сведчаць аб тым, што якасць гандлёвага абслугоўвання насельніцтва Віцебска ўсё яшчэ далёка ад ідэальнага.
— Да асноўных парушэнняў, выяўленых у працэсе праверак, можна аднесці рэалізацыю тавараў з пратэрмінаваным тэрмінам прыдатнасці, невыкананне асартыментнага пераліку, ігнараванне санітарных нормаў і правіл, — паведаміў начальнік аддзела кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК вобласці Мікалай Клецка. — Акрамя таго, пакупнікам не прадастаўляецца неабходная і дакладная інфармацыя аб таварах.
Па яго словах, расце колькасць выяўленых выпадкаў парушэння санітарных нормаў: калі раней яны складалі 50-60%, то цяпер — больш за 70%.
— Па асартыментным пераліку ў апошні час пытанне таксама абвастрылася. З'яўляецца шмат тавараў замежнай вытворчасці ў шкоду айчынным, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Па выніках праверак, праведзеных намі сумесна з гандлёвай інспекцыяй, такія недахопы ўстаноўлены амаль у 90% выпадкаў.
Дарэчы, на фоне станоўчай дынамікі росту аб'ёмаў рознічнага тавараабароту ў Віцебску на працягу апошніх чатырох гадоў назіраецца ўстойлівае зніжэнне долі рэалізацыі тавараў беларускай вытворчасці — як харчовых (з 85,1% у 2010 годзе да 80,6% у 2013-м), так і нехарчовых (з 64,8% да 52,1%), падкрэсліў старшыня КДК вобласці Вадзім Заранкін. Удзельная вага продажу айчыннай прадукцыі ў гандлёвай сетцы паўночнай сталіцы за 9 месяцаў бягучага года склала 69,9%, у той час як па Віцебшчыне ў цэлым гэты паказчык роўны 77,6%. Таму адпаведным службам даручана прыняць неабходныя меры, каб змяніць названае суадносіны, павысіўшы долю беларускіх вырабаў у тавараабароце.
Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое было ўзнята на калегіі, — барацьба з несанкцыянаваным гандлем. Мабыць, кожны з жыхароў абласнога цэнтра ведае тыя месцы, дзе спажыўцам прапануюць, што называецца, прама з зямлі ўвезеныя з-за межаў нашай рэспублікі прамысловыя вырабы і прадукты харчавання. Такія стыхійныя гандлёвыя рады можна ўбачыць, да прыкладу, каля Полацкага, Смаленскага, Чкалаўскага рынкаў, на скрыжаванні праспекта Фрунзе і Смаленскай вуліцы, ды і проста каля буйных крам у жылых раёнах горада. Умовы захоўвання і рэалізацыі тавараў тут не вытрымліваюць ніякай крытыкі. А бо Віцебск павінен быць узорам, на якім роўняюцца астатнія населеныя пункты рэгіёна.
Каб выправіць сітуацыю і перавесці дробны рознічны гандаль у законнае рэчышча, Віцебскі гарвыканкам нядаўна вызначыў 9 месцаў, дзе фізічным асобам будзе дазволена прадаваць розную прадукцыю: 5 у Першамайскім раёне і па 2 у Чыгуначным і Кастрычніцкім. Цяпер трэба завяршыць абсталяванне выдзеленых пляцовак. На калегіі КДК абмяркоўвалася магчымасць таго, каб патрулюючыя вуліцы супрацоўнікі міліцыі тлумачылі грамадзянам, асабліва на першых часах, дзе гандляваць можна, а дзе — забаронена.
Умовы выдзялення гандлёвых месцаў у Віцебску для юрыдычных асоб плануюць зацвердзіць у бліжэйшы час. Падатковай службе, праваахоўнікам, гандлёвай інспекцыі прадпісана рэгулярна праводзіць рэйдавыя праверкі па спыненні несанкцыянаванай рэалізацыі тавараў.
На калегіі таксама прагучала меркаванне, што змагацца з так званымі стыхійнымі рынкамі дапамагло б узмацненне штрафных санкцый. У цяперашні час парушальнік можа абысціся папярэджаннем, а ў горшым выпадку яму пагражае штраф у памеры да 3 базавых велічынь. Дадзеныя меры часта аказваюцца малаэфектыўнымі, многім дзеячам ценявога бізнесу выгадней заплаціць такую суму, чым выконваць патрабаванні заканадаўства.
Улічваючы, што паток тавараў замежнай вытворчасці, якія ўвозяцца на Віцебшчыну, у бліжэйшы час наўрад ці аслабее, пытанні спынення несанкцыянаванага гандлю не губляюць сваёй актуальнасці. І вырашыць іх здольна толькі сістэмная і комплексная праца ўсіх зацікаўленых службаў.
Лiлiя Iўчанка,A class=external href="http://vitvesti.by/">"Вiцебскiя весцi"