Для падрыхтоўкі Полацка да правядзення Дня беларускага пісьменства неабходна прыцягнуць дадатковыя сродкі
– Праца пачата, вызначаны падыходы да вырашэння задач. І зараз мы павінны ў поўнай меры рэалізаваць задуманае: добраўпарадкаваць кожны клапцік роднай зямлі як сапраўдныя гаспадары, якія любяць свой край і клапоцяцца пра яго росквіт, – сказаў старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук.
Ён падкрэсліў, што галоўнай праблемай з’яўляецца недастатковы аб’ём фінансавання. Выйсце з сітуацыі ўлады бачаць у прыцягненні дадатковых сродкаў, правядзенні суботнікаў, якія дапамогуць навесці парадак на тэрыторыях не толькі горада, але і ўсіх населеных пунктаў раёна, зон адпачынку, мемарыяльных комплексаў, вытворчых прадпрыемстваў. Да Дня пісьменства неабходна выканаць рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі і культуры, спорту і турызму, прывесці ў належны стан аб’екты рэспубліканскай і абласной форм уласнасці.
Падрабязны аналіз стану спраў прадставіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Міхалевіч. Ён адзначыў, што падрыхтоўка да правядзення Дня пісьменства на Полаччыне была пачата яшчэ ў маі мінулага года. Каардынацыю дзеянняў усіх зацікаўленых асоб па пытаннях добраўпарадкавання ажыццяўляюць 12 рабочых груп, якімі штотыдзень праводзіцца комплекснае абследаванне тэрыторый, прымаюцца меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Таксама ўвайшлі ў практыку штотыднёвыя справаздачныя дні сельвыканкамаў у адным з населеных пунктаў раёна.
На 2017 год на работы па добраўпарадкаванні Полацка і Полацкага раёна выдзелена 4,2 млн руб. На што будуць выдаткаваны гэтыя грошы?
Прадугледжваецца капітальны рамонт
транзітных участкаў вуліц горада, асфальтаванне і добраўпарадкаванне тратуараў з пліткі. У планах – рэканструкцыя фантана на плошчы Францыска Скарыны, а таксама бягучы рамонт помнікаў Вызваліцелям Полацка, 23 гвардзейцам-грыгор'еўцам і, канечне, самому першадрукару. Акрамя таго, прадугледжваецца заасфальтаваць 20 дзіцячых пляцовак, абсталяваць 20 новых кантэйнерных пляцовак, абнавіць прыпыначныя павільёны, заасфальтаваць участкі цэнтральных вуліц агульнай плошчай больш за 27 тыс. кв. м.На бягучае ўтрыманне і рамонт аб'ектаў добраўпарадкавання, вулічна-дарожнай сеткі і асвятлення населеных пунктаў на гэты год выдзелена больш за 2,7 млн руб.
Канечне, далёка не ўсе праблемныя пытанні будуць вырашаны. На сённяшні дзень існуе патрэба ў асфальтаванні 206 з 377 вуліц горада, рэканструкцыі або капітальным рамонце 150 дваровых тэрыторый з 290 наяўных. Не завершана рэкультывацыя тэрыторыі былога цагельнага завода на плошчы 10 га, якая знаходзіцца ў веданні Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2007 г. №647 была зацверджана Комплексная праграма развіцця Полацка на 2008 – 2015 гады. З 36 яе пунктаў рэалізавана 23 мерапрыемствы, 4 знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Асноўнай прычынай нявыканання праграмы з'яўляецца недахоп фінансавання.
Ва ўмовах абмежаванасці бюджэтных сродкаў пераўтвараць гарадскія тэрыторыі дапамагае рэалізацыя інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, на ўездзе ў Полацк з боку Глыбокага і Мінска пабудаваны аўтацэнтр поўнага цыклу «Рэно» і шматфункцыянальны гандлёва-грамадскі цэнтр «Манеж», побач з якім добраўпарадкавана паркоўка на 630 месцаў.
Акрамя таго, райвыканкам актыўна супрацоўнічае з еўрапейскімі арганізацыямі па рэалізацыі міжнародных праектаў. Адзін з іх – «Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці» – дазволіў правесці шырокае даследаванне сістэмы транспартнай камунікацыі і распрацаваць гарадскую схему веладарожак. 40 тысяч еўра былі выдзелены на арганізацыю веласіпеднай зоны агульнай працягласцю 11 км. У рамках праекта «ГарСвятло» (бюджэт 1,6 млн еўра)
сёння вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на мадэрнізацыю вулічнага асвятлення і выбар падрадчыка па дэкаратыўным падсвятленні.
– Упэўнены, вы зробіце ўсё магчымае, каб свята прайшло на годным узроўні, а госці адчувалі сябе як дома, – падводзячы вынік, сказаў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. З асаблівай увагай ён параіў аднесціся да забеспячэння бяспекі, прадугледзець рэзервовае энергазабеспячэнне, пры выкананні работ не забываць аб стварэнні безбар'ернага асяроддзя, а таксама максімальна інфармаваць насельніцтва аб тым, куды будуць накіроўвацца грошы, у тым ліку заробленыя на суботніках.
Ларыса Малашаня. Фота Дзмітрыя Восіпава, з архіва «Віцебскіх вестак».