Для Полацка званне культурнай сталіцы Беларусі – гэта прызнанне і вялікая адказнасць – У.Тачыла
18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Абвяшчэнне Полацка культурнай сталіцай Беларусі 2010 года - гэта прызнанне заслуг землякоў-палачан і велізарная адказнасць для сённяшніх жыхароў горада. Такую кропку гледжання ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў сёння старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла.
"Палачане ўспрымаюць гэтае званне не толькі як высокую ўзнагароду, як прызнанне іх заслуг па захаванні культурных і гістарычных каштоўнасцей, што дасталіся ад нашых вялікіх папярэднікаў, але і як велізарную адказнасць", - прызнаўся Уладзімір Тачыла. Полацк па праве стаў першай культурнай сталіцай Беларусі. Адсюль бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць, тут - вытокі беларускай духоўнасці і самабытнасці. Да нашых дзён дайшлі ўнікальныя архітэктурныя помнікі - Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў XII стагоддзі па задуме прападобнай Ефрасінні Полацкай з фрэскамі дзевяцівяковай даўніны, што дайшлі да нашых дзён. У наступным годзе Полацк будзе адзначаць 100-годдзе перанясення мошчаў святой Ефрасінні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.
"Званне культурнай сталіцы шмат да чаго абавязвае. Мы павінны ўдасканальвацца ва ўсіх сферах", - падкрэсліў Уладзімір Тачыла. Горад бярэ на сябе ў 2010 годзе больш высокія вытворчыя паказчыкі, працягне рэалізацыю комплекснай праграмы развіцця горада на перыяд да 2012 года. Сур'ёзныя задачы стаяць па развіцці сацыяльнай інфраструктуры, сферы спорту і турызму. Па выніках 2009 года горад з 80-тысячным насельніцтвам наведалі больш за 1 млн турыстаў, аднак гэтая лічба павінна быць у некалькі разоў вышэй, дадаў мэр.
Характэрна, што Полацк быў удастоены права называцца першай сталіцай беларускай пісьменнасці. Як спадзяецца Уладзімір Тачыла, даўшы старт 21 студзеня рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца Беларусі", старажытны горад пакладзе добрае пачатак цудоўнай традыцыі.
Праект "Культурная сталіца Беларусі" ініцыявала Міністэрства культуры. Ён праводзіцца з мэтай падтрымкі культурнага жыцця рэгіёнаў. На працягу года малыя гарады, названыя культурнай сталіцай, будуць станавіцца пляцоўкамі для канцэртных выступленняў лепшых калектываў, артыстаў, прадастаўляць залы для выстаў работ мастакоў. Такі праект дасць магчымасць жыхарам малых гарадоў далучыцца да культурных каштоўнасцей, лепшых узораў у беларускім мастацтве.
На працягу года ў Полацку пройдуць выставы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, выстава работ беларускага мастака Івана Хруцкага, кніг Францыска Скарыны. Тут будуць гасцяваць і карціны майстроў пэндзля з Расіі, Літвы, Грэцыі, Германіі. Плануюцца канцэрты лепшых салістаў і калектываў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі летам запросіць на сваё традыцыйнае мерапрыемства "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі". У маі плануецца адкрыццё ў Полацку помніка Героям вайны 1812 года, які аднаўляецца за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.-0-