Для развіцця бізнесу ў малых гарадах Беларусі і на вёсцы створаны дадатковыя магчымасці
2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі для развіцця бізнесу ў малых гарадах і на сяле створаны дадатковыя магчымасці. Прэзідэнт Беларусі 1 сакавіка выдаў дэкрэт № 4, якім унесены змяненні і дапаўненні ў дэкрэты ад 20 снежня 2007 г. № 9 і ад 28 студзеня 2008 г. № 1, што рэгулююць прымяненне спецыяльных рэжымаў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў рэгіёнах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Дакумент накіраваны на ўстараненне праблем, якія перашкаджаюць стварэнню новых вытворчасцей у малых гарадах і ў сельскай мясцовасці, павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў.
У мэтах стварэння роўных умоў дзейнасці для суб'ектаў, якія фактычна размешчаны на адной і той жа тэрыторыі, дазваляецца прымяненне асаблівага парадку прадпрымальніцкай дзейнасці для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца (пражываюць) у любой сельскай мясцовасці, пры ажыццяўленні такой дзейнасці на яе тэрыторыі.
Акрамя таго, дазваляецца прымяненне парадку, устаноўленага дэкрэтам Прэзідэнта ад 20 снежня 2007 года № 9, пры адначасовым ажыццяўленні ў сельскай мясцовасці вытворчай і гандлёва-пасрэдніцкай дзейнасці пры наяўнасці ў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў асобнага ўліку выручкі па відах дзейнасці.
Для зняцця адміністрацыйных бар'ераў дзеючыя льготы па выплаце мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць распаўсюджваюцца на ўсе тавары, класіфікаваныя заканадаўствам як тэхналагічнае абсталяванне. Гэта дазваляе пры захаванні інвестыцыйнай накіраванасці гэтай льготы забяспечыць яе аўтаматычнае прадастаўленне, выключыўшы неабходнасць атрымання заключэнняў аблвыканкамаў, якія пацвярджаюць прыналежнасць тавараў, што ўвозяцца, да тэхналагічнага абсталявання.
У мэтах стварэння роўных умоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў дачыненні да арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, якія прымяняюць дэкрэт Прэзідэнта ад 28 студзеня 2008 года № 1, выключана адміністрацыйная працэдура пацвярджэння правільнасці фарміравання статутнага фонду, адменена неабходнасць пакрыцця падатковых льгот у выпадку выхаду са складу ўдзельнікаў арганізацый.
У той жа час зноў створаным беларускім арганізацыям прадастаўлена права на атрыманне льгот па бестэрміновым і бязмытным увозе тавараў у якасці укладаў у статутныя фонды, як гэта прадугледжана цяпер для замежных інвестараў.
Для прадастаўлення дадатковых гарантый акупнасці праектаў, якія рэалізуюцца арганізацыямі, што прымяняюць дэкрэт ад 28 студзеня 2008 года № 1, пашыраны дыяпазон дзеяння льготы па падатку на прыбытак з 5 да 7 гадоў. За камерцыйнымі арганізацыямі, якія прымяняюць гэты дэкрэт, замацавана права яго далейшага прымянення ў выпадку далучэння да сябе іншай юрыдычнай асобы.
Для надання стабільнасці прававому рэжыму, устаноўленаму для патэнцыйных інвестараў дэкрэтам ад 28 студзеня 2008 года № 1, выключаецца неабходнасць пакрыцця ў поўным аб'ёме атрыманых падатковых льгот у выпадку ліквідацыі або рэарганізацыі камерцыйнай арганізацыі ў перыяд дзеяння падатковых льгот або на працягу 3 гадоў пасля яго заканчэння.
Як растлумачылі ў прэс-службе, у цэлым дэкрэт № 4 будзе спрыяць лібералізацыі эканамічнай дзейнасці ў Беларусі.-0-