Для скарачэння чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы ўзмацнены змены мытнікаў

19 жніўня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. На пунктах пропуску "Катлоўка" і "Беняконі" беларуска-літоўскай мяжы ўзмоцнены змены мытнікаў для скарачэння чэргаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Беларусі Уладзімір Арлоўскі, каментуючы павялічаны грузапаток і чэргі на ўчастку беларуска-літоўскай мяжы.

Чэргі на мяжы ўзніклі з-за таго, што з 16 жніўня на аўтадарожным пункце пропуску "Мядзінінкай" (Літва) пачаліся работы па ўкладцы дарожнага пакрыцця. На час правядзення рамонтных работ быў закрыты для руху транспартных сродкаў і суседні пункт пропуску з беларускага боку - "Каменны Лог". Яго праца часова прыпынена. Транспартныя сродкі пераарыентаваліся ў іншыя пункты пропуску на літоўска-беларускай мяжы.

"Павялічаны грузапаток значна перавысіў прапускную здольнасць гэтых пунктаў пропуску, што прывяло да стварэння чэргаў. Па стане на 13.00 19 жніўня, чарга ў пункце пропуску "Катлоўка" на ўезд склала 350 грузавых транспартных сродкаў, на выезд - 800. У пункце пропуску "Беняконі" чарга на выезд - 450 машын, у пункце пропуску "Прывалка" - на выезд 250 транспартных сродкаў", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Для скарачэння часу чакання ў чарзе ДМК Беларусі настойліва рэкамендуе грузаперавозчыкам, экспедытарам пры руху грузавых транспартных сродкаў у краіны Еўрасаюза выкарыстоўваць пункты пропуску на беларуска-польскім участку мяжы - "Казловічы", "Брузгі-2", "Бераставіца".

Усе супрацоўнікі мытнага паста "Каменны Лог" перанакіраваны паміж іншымі пунктамі пропуску. Узмоцнены змены пунктаў пропуску "Катлоўка" і "Беняконі" за кошт службовых асоб паста "Каменны Лог".

Рамонт дарогі ў Мядзінінкаі будзе доўжыцца да 7 раніцы 23 жніўня. "Гэта планавы рамонт, аб ім літоўскі бок паведаміў за 2 месяцы да пачатку работ", - сказаў Уладзімір Арлоўскі. Ён таксама адзначыў, што паток грузавых транспартных сродкаў на працягу года знаходзіцца прыкладна на аднолькавым узроўні. Невялікае зніжэнне патоку назіраецца ў пачатку каляндарнага года. Але такія рамонтныя работы зрабіць зімой праблематычна, таму выбраны менавіта летні перыяд. "Калі ўзяць летнія месяцы, то значнага разыходжання па грузапатоку не назіраецца", - растлумачыў прадстаўнік ДМК.-0-