Дзмітрый Дземідаў: «Перад усімі стаіць задача зрабіць так, каб дзейнасць ЖКГ была максімальна эфектыўнай і накіраванай на вырашэнне рэальных праблем людзей»

Дмитрий Демидов: "Перед всеми стоит задача сделать так, чтобы деятельность ЖКХ была максимально эффективной и направленной на решение реальных проблем людей"
Павысіць якасць і ўзровень камунальных паслуг, зрабіць населеныя пункты больш зручнымі для людзей. Такім быў лейтматыў сесіі абласнога Савета дэпутатаў, на якой абмяркоўваўся ход выканання Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2021 – 2025 гады».

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Дзядзёла, з 14 мэтавых паказчыкаў не выкананы адзін – «увод агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту». У першую чаргу гэта звязана з недахопам фінансавання, не хапае 32 млн руб. Цяпер на ўзроўні ўрада абмяркоўваецца пытанне аб фінансаванні на парытэтнай аснове – у роўных долях з рэспубліканскага бюджэту і мясцовых. На мінулай сесіі аблсавета Віцебску выдзелена 2 млн руб. Ёсць зрухі ў Наваполацку і Полацку. У цэлым па вобласці на гэтыя мэты з мясцовых бюджэтаў вышукана 5 млн руб. Дарэчы, штогод на Віцебшчыне капітальна рамантуецца каля 160 шматкватэрных дамоў агульнай плошчай 410 – 490 тыс. кв. м. Усяго за тры гады на капрамонт жылфонду было накіравана 280,5 млн руб., у тым ліку 160,2 млн – з мясцовых бюджэтаў.

У шматпавярховіках праведзена замена 535 ліфтоў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі.

Для павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва створаны кантакт-цэнтр, які працуе ў кругласутачным рэжыме з кароткім нумарам 115, што забяспечвае дакладны ўлік усіх паступіўшых прэтэнзій і належны кантроль за ліквідацыяй недахопаў у рабоце арганізацый ЖКГ. За тры гады ў цэлым па вобласці выкананы паказчык па змяншэнні колькасці прэтэнзій. Пры гэтым у 2023-м дапушчаны істотны рост да 2020-га ў Гарадоцкім, Віцебскім, Полацкім, Аршанскім раёнах і Віцебску.

За справаздачны перыяд у населеных пунктах Віцебшчыны пабудавана больш за дзвесці станцый абезжалезвання вады. Узровень забеспячэння якасным водазабеспячэннем падключаных да сістэмы ЖКГ абанентаў складае 99,4 %. Выканана замена 336 км водаправодных сетак са звышлімітавымі тэрмінамі эксплуатацыі, што значна перавысіла заданне.

У межах імпартазамяшчэння асаблівую актуальнасць для скарачэння выдаткаў па паслугах цеплазабеспячэння набывае перавод на мясцовыя віды паліва (МВП) катлоў, якія працуюць на газе.

Віцебшчына з'яўляецца лідарам па выкарыстанні МВП, іх доля ў паліўным балансе прадпрыемстваў ЖКГ складае 74,2 %.

Нарошчваецца збор цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). У Віцебску і Оршы пабудаваны заводы па сартаванні смецця. Пачалося ўзвядзенне «Наваполацкага рэгіянальнага комплексу па абыходжанні з ЦКА», які будзе абслугоўваць тры раёны.

З мэтай павелічэння збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, выканання экалагічных стандартаў па пахаванні ЦКА прадпрыемствамі ЖКГ пастаянна абнаўляецца матэрыяльная база.

Ахоп насельніцтва раздзельным зборам адходаў складае 88 %. Працягваецца закрыццё смеццеправодаў у шматпавярховых дамах і стварэнне пляцовак для раздзельнага збору ЦКА. На пачатак года смеццеправоды закрыты ў 548 дамах.

Па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Дзямідава, галіна жыллёва-камунальнай гаспадаркі кардынальным чынам уплывае на сацыяльную стабільнасць у грамадстве. ЖКГ – гэта своеасаблівае люстэрка ўлады, і па працы канкрэтнага ЖЭУ або майстра людзі часта робяць высновы аб рабоце дзяржаўных органаў. Таму перад усімі стаіць задача зрабіць так, каб дзейнасць ЖКГ была максімальна эфектыўнай і накіраванай на вырашэнне рэальных праблем людзей.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса адзначыў, што лічбы і статыстычныя дадзеныя паказваюць, што на Віцебшчыне дзяржпраграма выконваецца дастаткова паспяхова. Тым не менш застаецца шмат пытанняў, пра што сведчаць звароты грамадзян у службу 115, і гэтым людзям цяжка растлумачыць, што сістэма ЖКГ працуе здавальняюча.

– Галоўная мэта абмеркавання – абазначэнне праблемных момантаў, абагульненне лепшых практык гарадоў, раёнаў, прадпрыемстваў ЖКГ па тых ці іншых напрамках, каб маштабаваць эфектыўную працу на іншыя рэгіёны, – падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў.

 

Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА.