Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў выхаванцаў і працоўны калектыў Віцебскай спецыяльнай школы-інтэрната ў рамках акцыі «Нашы дзеці».
Разам з ім на свята «Навагоднія цуды» прыехалі шматлікія мецэнаты. Па традыцыі – з падарункамі і віншаваннямі.
– У гэтыя чароўныя перадсвяточныя дні мы павінны памятаць, што побач з намі ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў дадатковай падтрымцы з-за сваіх фізічных асаблівасцей, матэрыяльнага становішча, складаных жыццёвых абставін, – нагадаў кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці. – Мы прыйшлі ў школу-інтэрнат, каб падарыць святочны настрой такім дзецям.
Дзмітрый Дземідаў адзначыў, што на Віцебшчыне вельмі шмат неабыякавых людзей – у органах улады, на дзяржаўных прадпрыемствах, у прыватным бізнесе, грамадскіх арганізацыях. Яны робяць усё, каб дапамагчы дзецям стаць шчаслівейшымі, адчуць сябе патрэбнымі.
Цяпер у 1-12 класе школы навучаецца 71 чалавек, 25 малышоў наведваюць дашкольнае аддзяленне. Гэта дзеці з парушэннямі слыху з усёй вобласці, ёсць дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю. Дзеці знаходзяцца ва ўстанове на кругласутачным знаходжанні, за выключэннем тых, хто пражывае ў абласным цэнтры. Пяцёра – дзеці-сіраты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў.
– Нашы выхаванцы цудоўна разумеюць, што людзі прыходзяць да іх з добрымі намерамі, з падарункамі, і вельмі цешацца праявам клопату і ўвагі, – расказала намеснік дырэктара школы-інтэрната Інеса Гічэўская. – Нам патрэбна новае інтэрактыўнае абсталяванне для візуалізацыі: мультыборды, інтэрактыўныя дошкі, гукаўзмацняльная апаратура, навушнікі, напаўненне пакоя сенсарнай разгрузкі. Не зашкодзіла б змяніць ложкі ў спальнях, абнавіць пасцельныя прыналежнасці. І, вядома, для дзяцей свята – гэта салодкія падарункі.
Агеньчыкі на елцы, Баба Яга, Снягурка, Дзед Мароз, вясёлыя карагоды, танцы, гульні разам з гасцямі – усё гэта было на прадстаўленні «Навагоднія цуды». Не было хіба што звыклага на падобных мерапрыемствах гамону: дзетак з гэтай школы-інтэрната балбатунамі не назавеш. Сваімі эмоцыямі яны дзяліліся адзін з адным на мове жэстаў, а іх радасць выдавалі выразы твараў і гарачыя вочы.