Дзмітрый Кукса з ПДУ перамог у рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года 2016»

«Віцебская вобласць у цэнтры падзей! Мы верылі ў гэту перамогу!» – кароткі, але велізарны па сваіх эмоцыях надпіс з'явіўся ў групе «Моладзь Віцебшчыны» ў сацсетках адразу пасля заканчэння конкурснай праграмы. Фінал, які адбыўся 8 снежня ў сталічным клубе «Dozari», сабраў дзевяць лепшых у кожнай вобласці і Мінску студэнтаў, якія вызначыліся ў вучобе, творчасці, навуцы, спорце, грамадскай дзейнасці. Ім трэба было прадэманстраваць свае здольнасці і таленты, сваю любоў да роднай ВНУ і роднай краіны ў конкурсах «Партфоліо», «Маладзёжны праект», інтэлектуальным і творчым, прэзентацыі кніг «Крыніцы мудрасці», відэаролікаў «Я – студэнт!».


Праграма, хоць і нязначна, але адрознівалася ад прапанаванай на абласным этапе, так што лепшаму студэнту Віцебшчыны Дзмітрыю Куксу з ПДУ і яго камандзе прыйшлося, што называецца, папрацаваць над тэхнікай. У выніку зладжаны механізм, і, вядома, прыроднае абаяньне, харызма, добрадушнасць, музычнасць, красамоўства, акцёрскія здольнасці маладога чалавека сыгралі сваю ролю: першае месца ў рэспубліцы!

– Калі зразумеў, што стаў пераможцам, калі падымаўся на сцэну за ўзнагародай, унутры ўсё разрывалася на часткі, слёзы наварочваліся, гэта неперадаваемыя эмоцыі, – падзяліўся з карэспандэнтам «ВВ» Дзмітрый Кукса. – Уражанні ад удзелу ў праекце самыя яркія і незабыўныя. Падрыхтоўка да конкурсаў была вельмі сур'ёзная, усе нумары аказаліся такімі, што я адчуваў сябе нібы на эстрадзе! Дзякуй хлопцам – маёй творчай камандзе, сакратару пярвічнай арганізацыі БРСМ ВНУ Крысціне Кісловай, у гэтым выніку яе вялікая заслуга, аддзелам і службам універсітэта, якія дапамагалі ўвасабляць задумкі. І наогул усім педагогам у маім жыцці – ад школы да ВНУ, за тое, што навучылі, якім трэба быць.

Дзмітрый вельмі рады, што яму ўдалося заваяваць гэту ўзнагароду для роднага ўніверсітэта. Дарэчы, ВНУ падтрымлівала свайго прадстаўніка на ўсіх этапах, а на фінал у Мінск адправілася група заўзятараў з 40 чалавек на чале з прарэктарам ПДУ Паўлам Каваленкам. Цеплыня сяброў сагравала на працягу ўсяго конкурсу.

Што наперадзе? З-за мноства рэпетыцый у вучобе давядзецца наганяць, але для Дзмітрыя гэта не складзе працы. Студэнт чацвёртага курса фінансава-эканамічнага факультэта вучыцца са сярэднім балам 9,45. Ён лаўрэат стыпендыі імя Максіма Багдановіча Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дыпламант унутрывузаўскіх, рэспубліканскіх канферэнцый і конкурсаў, напісаў дзве навукова-даследчыя работы, дзевяць навуковых публікацый.

Акрамя гэтага Дзмітрый Куксо актыўна ўдзельнічае ў творчых праектах БРСМ, захапляецца музыкай разам са сваёй камандай аднадумцаў, не ўяўляе свайго жыцця без творчасці. Перад ім адкрыты ўсе дарогі.

Вольга Маслоўская. Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА. «Віцебскія весці».