Дзмітрый Хома: адукацыя павінна быць даступнай, якаснай і эфектыўнай
"Даступнасць, якасць, эфектыўнасць. Гэтыя словы ёміста характарызуюць тыя задачы, якія мы сёння ставім перад кіраўнікамі сістэмы адукацыі рэгіёна. І ў першую чаргу мы павінны перагледзець падыходы да эканамічнай эфектыўнасці навучальных устаноў. Гаворка ідзе аб мэтазгоднасці працы некаторых школ, адкрыцці тых ці іншых класаў, груп ва ўстановах прафтэхадукацыі і г.д. Мэта – прывесці сістэму адукацыі ў такі выгляд, каб усе існуючыя ўстановы былі максімальна камфортнымі для дзяцей, мелі моцную матэрыяльна-тэхнічную базу і высокапрафесійны педагагічны калектыў", – падкрэсліў начальнік упраўлення. Развіваючы тэму камплектавання школ сучасным абсталяваннем, Дзмітрый Хома адзначыў, што па міністэрскай праграме ў рэгіён працягвае паступаць спецыяльнае аснашчэнне для кабінетаў фізікі (гэтая праца набліжаецца да завяршэння), у гэтым годзе пачынаюцца пастаўкі абсталявання для кабінетаў хіміі.
"Бліжэй да лістапада частка абсталявання ўжо паступіць на месцы. Віцебскі аблвыканкам да 1 верасня падорыць гарадскім і сельскім школам 5 камп'ютарных класаў. У кастрычніку чакаем 10 школьных аўтобусаў ад Банка развіцця Беларусі для арганізацыі падвозу дзяцей", – распавёў ён. Па словах Дзмітрыя Хомы, калі пытанні з транспартам будуць цалкам вырашаны, размеркаванне зэканомленых (у тым ліку за кошт аптымізацыі) сродкаў будзе ісці роўнымі часткамі на правядзенне капітальных рамонтаў і набыццё сродкаў навучання (камп'ютарная тэхніка, спецыяльнае абсталяванне). "Усе школы павінны быць максімальна камфортнымі і даваць аднолькава якасныя веды. І мы над гэтым будзем працаваць", – падкрэсліў начальнік упраўлення. Ён адзначыў, што вобласць цалкам забяспечана педагагічнымі кадрамі. У сувязі з аптымізацыяй вызвалілася 179 педагогаў, зякіх 177 пагадзіліся на працаўладкаванне, прапанаванае аддзеламі адукацыі, двое аддалі перавагу шукаць працу самастойна.
Алена Ціханава - БелТА.