Дні французскага кіно пройдуць у Віцебску 14-18 красавіка
7 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дні французскага кіно пройдуць з 14 па 18 красавіка ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў кінатэатры "Мір", дзе адбудзецца паказ.
Увазе прыхільнікаў кінамастацтва прадставяць пяць карцін, якія будуць дэманстравацца на французскай мове з рускімі субтытрамі. Адзін з іх - культавая камедыя "Дзед Мароз-адмарозак" - зняты яшчэ ў 1982 годзе рэжысёрам Жанам-Мары Пуарэ і з таго часу карыстаецца нязменнай папулярнасцю ў французаў. Астатнія стужкі, якія ўвайшлі ў афішу, створаны ў 2005-2007 гадах і ў свой час былі адзначаны кінакрытыкамі на розных фестывалях. Так, рамантычная камедыя "Няправільная вера" удзельнічала ў Канскім фестывалі ў 2006 годзе. Ваенная драма "Францыя" стала лаўрэатам прэміі Жана Віго як лепшы французскі фільм 2007 года і ўвайшла ў дзясятку лепшых фільмаў Францыі гэтага ж года. Трылер "Гільяціна" быў намінаваны на нацыянальную французскую кінапрэмію "Сезар" у 2006 годзе ў катэгорыях "Лепшы акцёр" і "Лепшы сцэнарый". Не менш цікавым будзе знаёмства гледачоў з камедыяй "Ты і я".
Дні французскага кіно праводзяцца ў Віцебску трэці год запар. Традыцыйна ў адкрыцці гэтай падзеі возьмуць удзел прадстаўнікі пасольства Францыі.-0-