Дни мастацтва і культуры Латвіі праходзяць у Віцебску

Дни искусства и культуры Латвии проходят в Витебске
Сённяшнія Дні мастацтва і культуры Латвіі ў Віцебску насычаны разнастайнымі выставачнымі праектамі.

Гэта знаёмства са старэйшай рыжскай мастацкай школай Розенталя і геральдыкай нашых суседзяў, экспазіцыі індустрыяльных пейзажаў Андрыса Вітоліньша і графічных работ сучасных мастакоў. У гэтым шэрагу прыкметнае месца займае выстава маладой мастачкі з Рыгі Дзіяны Янушоне, якая адкрылася ў Мастацкім музеі.

Дзіяна прывезла ў горад Марка Шагала свае тэкстыльныя і скульптурныя аб'екты. Яе персанальная выстава называецца «Незнаёмыя людзі». Як патлумачыла сама мастачка, ёй цікава пазнаваць чалавека ў сацыяльным асяроддзі. Асноўнай тэмай яе творчасці можна назваць водгук на праблемы сучаснага грамадства: распаўсюджванне тэрарызму, эміграцыя і звязанае з ёй пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў Латвіі, нестабільнасць у свеце і інш. Для рэалізацыі сваіх ідэй Дзіяна Янушоне ўжывае розныя тэхнікі, як традыцыйныя, так і аўтарскія. Цікавая яе шаўкаграфія на аксаміце, якая выкарыстана для серыі партрэтаў, што далі назву выставе, – «Незнаёмыя людзі». Цэнтральнае месца экспазіцыі займае скульптурны аб'ект «Інкогніта». Ён складзены з мноства маленькіх бюстаў, якія выяўляюць розныя эмоцыі чалавека.

– На жаль, у Віцебску я змагла паказаць гэту працу часткова, для дадзенай інсталяцыі стварыла 400 твараў, аднак, усе не змясціліся ў выставачнай зале. Але агульнае ўражанне яны перадаюць – змены настрою і станаў, пошукі самога сябе, – патлумачыла аўтар.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, які ўдзельнічаў у адкрыцці выставы, адзначыў, што Дні культуры Латвіі сталі цудоўным восеньскім святам для фестывальнай сталіцы Беларусі, дазваляюць нам лепш пазнаць нашых добрых суседзяў.

Консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя падкрэсліў, што такі цёплы прыём, які аказваюць латышам у горадзе на Дзвіне, у іншым месцы, напэўна, немагчымы і паабяцаў, што культурныя сувязі яго краіны і Віцебшчыны будуць надалей толькі мацнець.

"Віцебскія весці".