Дни культуры Латвіі ў Віцебску: знаёмства з латгальскай керамікай, жывапісам і пачуццямі
Адразу некалькі выстаў адкрылася ў абласным цэнтры ў межах Дзён культуры Латвіі ў Віцебску. Традыцыйна яны праходзяць напярэдадні святкавання Дня незалежнасці, які нашы заходнія суседзі адзначаюць 18 лістапада.
У Арт-цэнтры Марка Шагала экспануюцца жывапісныя працы рыжскай мастачкі Агніі Германе. Тут прадстаўлены партрэты, пейзажы, абстрактныя кампазіцыі, якія аўтар аб'яднала пад адной назвай – «Дэфрагментацыя пачуццяў». «Дэфрагментацыя і пачуцці – паняцці абсалютна несумяшчальныя. Пачуццё немагчыма вылічыць, яно бясконцае і бязмернае, але мастакі могуць здзяйсняць цуды. Яны фіксуюць і фрагментуюць пачуцці на палатне, прымушаючы іх жыць там і зараджаць гледачоў суперажываннем», – растлумачыла на адкрыцці сваёй экспазіцыі Агнія Германе.
А ў віцебскай ратушы прадстаўлена латгальская кераміка са збору Даўгаўпілскага Арт-цэнтра імя Марка Ротка. Цікава, што гэтая выстава змяніла экспазіцыю прац выкладчыкаў і студэнтаў мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П. Машэрава, на якой таксама прысутнічала кераміка. Так што аматарам дэкаратыўна-прыкладной творчасці можна параўнаць беларускую і латгальскую школы. Як адзначыў загадчык кафедры ДПМ нашай ВНУ Анатоль Альхіменок, у свой час беларускія мастакі ездзілі ў Рыгу, Даўгаўпілс, каб паглядзець працы прыбалтыйскіх калег. Латвійская кераміка адрознівалася большай асацыятыўнасцю, свабодай у выбары форм, эмацыйнасцю. Асаблівае месца ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве займае латгальская кераміка. Для яе характэрны прастата, выразнасць форм, прыродная экспрэсіўнасць. Па словах консула Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Дагніі Лацэ-Атэ, у кожнага латыша ёсць гліняны выраб з Латгаліі. У яе доме таксама стаіць зялёная ваза ў нацыянальным стылі.
На выставе ў ратушы можна ўбачыць працы вядомага мастака Петэрыса Марцінсанса. У свой час ён здзейсніў пераварот у керамічным мастацтве Латвіі, яго геаметрычныя формы з гліны адкрылі новы погляд на гэты від творчасці. Майстар з Даўгаўпілса атрымаў сусветнае прызнанне, ён адзначаны найвышэйшай узнагародай латвійскай дзяржавы – ордэнам Трох Зорак III ступені. У экспазіцыі таксама прадстаўлены працы сучасных керамістаў, у прыватнасці, са студыі народнай прыкладной творчасці «Латгале».
Адкрыццё экспазіцыі супала з днём нараджэння Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, які сёлета адзначае 90-годдзе, і, як падкрэсліў яго дырэктар Глеб Савіцкі, выставу латгальскай керамікі можна лічыць падарункам горада-пабраціма Віцебска, з якім у нас наладжаны даўнія сяброўскія сувязі.
Таццяна Пастарнак, "Віцебскія весці"