Дни культуры Венесуэлы пройдуць 20-21 мая ў Воршы
19 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дні культуры Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла пройдуць 20-21 мая ў Воршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Аршанскім гарвыканкаме.
У складзе дэлегацыі Воршу наведаюць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес, першы сакратар пасольства і дырыжор Херарда Эстрада Марцінес, а таксама творчыя калектывы Венесуэлы.
Ганаровыя госці прымуць удзел у адкрыцці выставы партрэтаў выдатных дзеячаў вызваленчага руху ў Венесуэле "Галерэя герояў", якая адкрыецца 20 мая ў Калегіуме езуітаў. Яркай ноткай мерапрыемства стане выступленне музычнага калектыву "Алі Прымера" і групы фальклорнага танца "Ёланда Марэна". Бліжэй пазнаёміцца з майстэрствам гэтых калектываў і далучыцца да культуры Венесуэлы можна будзе на канцэрце ў Дзіцячай школе мастацтваў №1 Воршы. Увечары гэтага дня ў Аршанскім гарадскім цэнтры культуры адбудзецца дэманстрацыя мастацкага фільма "Брат" на іспанскай мове.
Дні культуры 21 мая працягне кінапаказ: аршанцы і госці горада змогуць убачыць фільм "Урок" на іспанскай мове. Знакавай падзеяй дня стане таксама канцэрт венесуэльскай і лацінаамерыканскай музыкі з удзелам аркестра Магілёўскай гарадской капэлы пад кіраўніцтвам Херарда Эстрада Марцінеса.
Дні культуры Венесуэлы праводзяцца ў Воршы ўпершыню. Мясцовыя ўлады маюць намер развіваць культурныя сувязі. "Беларусь і Венесуэлу ўжо звязваюць дружалюбныя адносіны, сумесныя праекты ў розных сферах. Цеснае культурнае супрацоўніцтва будзе толькі спрыяць далейшаму ўмацаванню сацыяльна-эканамічных адносін дзвюх краін", - падкрэслілі ў гарвыканкаме.-0-