Дні Латвіі ў Віцебску пройдуць у народных рытмах
Канцэрт "Прысвячэнне Латвіі", у якім возьмуць удзел калектывы народнага танца "Сайме" і "Лайсменя", стане ключавой падзеяй Дзён Латвіі ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Цэнтры культуры "Віцебск".
Дні Латвіі, якая 18 лістапада адзначае нацыянальнае свята - Дзень абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі, традыцыйна праходзяць у Віцебску ў лістападзе. На гэты раз арганізатары - упраўленне культуры і Цэнтр латышскай культуры Даўгаўпілса, консульства Латвіі ў Віцебску і Цэнтр культуры "Віцебск" - зрабілі акцэнт на танцавальнай культуры, разнастайнасць якой прадставяць два калектывы народнага танца.
Абодва ансамблі існуюць пры Цэнтры латышскай культуры Даўгаўпілса, яны з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемстваў, танцавальных аглядаў, а таксама вядомых Усялатвійскіх святаў песні і танца. Кожны ансамбль арыгінальна і шматпланава прадстаўляе нацыянальны танец, не абмяжоўваючыся традыцыйным прачытаннем. Калектыў "Сайме", удзельнікамі якога з'яўляюцца людзі сярэдняга ўзросту, прадстаўляў народны танец у Літве, Славакіі, Францыі, Турцыі, Італіі. У рэпертуары моладзевага ансамбля "Лайсменя" разам са старадаўнімі танцамі, класічнымі ўзорамі народнай латышскай харэаграфіі прысутнічаюць і яркія, запальныя сучасныя кампазіцыі.
У танцавальную праграму, якую гледачы ўбачаць 13 лістапада ў канцэртнай зале "Віцебск", увойдуць самыя яркія і арыгінальныя харэаграфічныя пастаноўкі вядомых латышскіх танцавальных калектываў.
У гэты ж дзень у Арт-цэнтры Марка Шагала адкрыецца выстава графічных работ мастака з Даўгаўпілса Марыса Чачкі (у экспазіцыю ўвойдуць больш за 20 твораў). А ў Віцебскім мастацкім музеі ўжо працуе персанальная выстава вядомага латышскага мастака Освальда Звейсалніекса.
Алена Ціханава