Дні памяці росіцкіх пакутнікаў і «Асвейскай трагедыі» пройдуць у Верхнядзвінскім раёне

Дни памяти росицких мучеников и «Освейской трагедии» пройдут в Верхнедвинском районе

Люты 1943-га для жыхароў рэгіёна адгукаецца асаблівым болем. Сёння пра «Асвейскую трагедыю» нагадваюць шматлікія помнікі спаленым вёскам і іх жыхарам.

Помніць страшныя дні і касцёл у Росіцы, пад зводамі якога чакалі сваёй долі сагнаныя туды з навакольных населеных пунктаў людзі. За тымі, каго чакаў агонь, добраахвотна пайшлі і святары… Дзень памяці росіцкіх святых Юрыя і Антонія, у якім возьмуць удзел пілігрымы не толькі Беларусі, але і замежных краін, пройдзе 16 лютага. 70-годдзю «Асвейскай трагедыі» будзе прысвечаны раённы дзень інфармавання, які адбудзецца ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Верхнядзвінская зямля пацярпела больш за ўсіх падчас карнай экспедыцыі, яна ж прытуліла ў сваіх лясах партызанскія брыгады Беларусі, Расіі і Латвіі, якія разам ішлі да перамогі. Камісарам адной з іх быў Пётр Машэраў. У дні юбілею вядомага земляка работнікі ідэалагічнага актыву Верхнядзвіншчыны, прадстаўнікі культуры і адукацыі наведалі музей баявога садружнасці ў Расонах, пабывалі ў машэраўскіх мясцінах.

– Наша зямля цесна звязана з імем Пятра Міронавіча, з ваенным перыядам гісторыі і аднаўленнем з руін. Гэтыя падзеі мы адлюструем у сваім раённым музеі, зараз вядзецца актыўная праца па яго стварэнні, – адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Верхнядзвінскага райвыканкама Наталля Кісялевіч. – А пакуль вырашылі наведаць
памятныя мясціны суседняга рэгіёна. Вельмі важна, каб людзі, якія займаюцца патрыятычным выхаваннем, самі адчулі трагічныя моманты ваеннага ліхалецця.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ.«Віцебскі рабочы»