Дні Пскоўскай вобласці ў Віцебску пройдуць летам 2023 года
Мяркуецца, што канцэпцыя правядзення свята будзе падобная да распрацаванай праграмы для Дзён Віцебскай вобласці ў Пскове, якія прайшлі ў пачатку верасня. Экспартны патэнцыял расійскага рэгіёну прадставяць прадпрыемствы розных галін прамысловасці. "Таксама гэта будзе вытворчасць таварнай прадукцыі, якой распараджаецца Пскоўская вобласць. Творчыя калектывы пакажуць свой патэнцыял. Упэўнены, што дасведчанай віцебскай публіцы будзе вельмі цікава, таму што сапраўды ў іх ёсць пэўныя задумкі і магчымасці", - адзначыў Вячаслаў Дурноў.
Сярод варыянтаў правядзення праекта - перыяд міжнароднага фестывалю мастацтваў і Дзень горада. "Славянскі базар" сам па сабе насычаны, і тут складана дадаткова ўпісаць мерапрыемствы. Але калі такое пажаданне будзе ў нашых гасцей, вядома, будзем старацца, - сказаў намеснік старшыні аблвыканкама. - Магчыма, мы прыўрочым (Дні Пскоўскай вобласці. - Заўв. БЕЛТА) да Дня горада Віцебска напярэдадні фестывалю, што таксама пашырыць нашу святочную праграму".
Па словах першага намесніка губернатара Пскоўскай вобласці Веры Емяльянавай, расійскі бок хацеў бы ўзмацніць фармат правядзення мерапрыемства новымі праектамі, якія дазволяць развівацца рэгіёнам. "З аднаго боку, гэта культурная праграма, масавыя сустрэчы творчых і адукацыйных арганізацый, але ў той жа час і актыўны эканамічны, інвестыцыйны складнік. Усё, што сёння нас усіх хвалюе і цікавіць", - растлумачыла яна, адзначыўшы, што Дні Віцебскай вобласці ў Пскове мелі вялікі поспех, а праект даказаў сваю эканамічную эфектыўнасць.
Віцебск гатовы прапанаваць розныя варыянты пляцовак для правядзення Дзён Пскоўскай вобласці. Сёння дэлегацыя гэтага рэгіёну наведае некаторыя аб'екты. У прыватнасці, гасцям пакажуць Лядовы палац, канцэртную залу "Віцебск", СЭЗ "Віцебск".