Дні Венесуэлы пройдуць у Воршы
2 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Правядзенне Дзён Венесуэлы ў Воршы абмяркуюць на сустрэчы 3 лютага старшыня Аршанскага гарвыканкама Мікалай Лісоўскі і першы сакратар пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь Херарда Эстрада Марцінес, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аршанскага гарвыканкама Алена Русакова.
Ідэя больш цеснага знаёмства аршанцаў з гісторыяй і культурай дружалюбнай дзяржавы належыць пасольству Баліварыянскай Рэспублікі. Прапанова зацікавіла Аршанскі гарвыканкам, і на сустрэчы мэра з першым сакратаром дыпмісіі будзе вызначана дата правядзення Дзён Венесуэлы.
Апроч дзелавой сустрэчы дыпламат, які выступае каардынатарам Лацінаамерыканскага культурнага цэнтра імя Сымона Балівара і вядомы як музыкант, дырыжор, сустрэнецца з навучэнцамі і выкладчыкамі Аршанскай гарадской гімназіі №2, пабывае на канцэрце, падрыхтаваным выхаванцамі дзіцячай школы мастацтваў №1, азнаёміцца з сацыяльна-культурнымі і гістарычнымі аб'ектамі Воршы.
Як лічаць у гарвыканкаме, наладжванне кантактаў у культурнай сферы дазволіць стварыць аснову для дзелавога супрацоўніцтва ў эканоміцы і гандлі. -0-