Дни Віцебскай вобласці пройдуць на выставе «Экспа-2015» у Мілане
Інвестыцыйны патэнцыял паўночнага рэгіёну Беларусі будзе прэзентаваны ў Дні Віцебскай вобласці на сусветнай выстаўцы "Экспа-2015" у Мілане, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі аблвыканкама.
Дні Віцебскай вобласці пройдуць з 9 па 11 чэрвеня. На адкрыцці адбудзецца агульная прэзентацыя рэгіёну і яго прывабнасці для інвестараў, паказаны фільмы пра Віцебск, Полацк і Оршу, іх інвестыцыйны патэнцыял, перавагі вядзення бізнесу ў свабоднай эканамічнай зоне "Віцебск".
У якасці прыкладаў будуць прадэманстраваны праекты, якія рэалізуюцца рэзідэнтамі СЭЗ, у тым ліку будаўніцтва мультымадальнага лагістычнага цэнтра "ІПЛ Комплекс", развіццё вытворчасці манітораў Канструктарскім бюро "Дысплей", выкарыстанне тэхналогій водаачысткі і водападрыхтоўкі СААА "Фортэкс-водныя тэхналогіі", арганізацыя вытворчасці сілавога кабеля ПА "Энергакомплект". Таксама будуць прэзентаваны праекты ў сферы развіцця мяса-малочнай галіны і дрэваапрацоўкі, па ўкараненні сучасных тэхналогій аховы навакольнага асяроддзя. Свае навейшыя напрацоўкі па вытворчасці тэлескапічных пад'ёмнікаў і навеснага абсталявання пакажа прадпрыемства "Вітбудтэхмаш", па выпуску нестандартных металаканструкцый - СААА "Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый", пашыве адзення - фабрыка "Віцебчанка", у сферы водападрыхтоўкі - УП "Полімерканструкцыя", медыцыны - ТАА "СІВітал". Запланаваны прэзентацыі праектаў па стварэнні холдынгу СААА "Белвест" і арганізацыі вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў ААТ "БелВітуніфарм".
Інавацыйны патэнцыял вышэйшых навучальных устаноў вобласці на выстаўцы прадставяць віцебскія дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і ўніверсітэт ім. П. Машэрава. І асобны блок зоймуць прэзентацыі турыстычных магчымасцей і прапаноў: адпачынак у сельскіх сядзібах, аздараўленне ў санаторыях і здраўніцах, экскурсійныя маршруты з наведваннем Полацка і Віцебска і многае іншае.
Арганізатарамі Дзён Віцебскай вобласці выступаюць аблвыканкам і УП "Віцебскае аддзяленне БелГПП".
Сусветная выстаўка 2015 года ў Мілане (неафіцыйна "Экспа-2015") - міжнародная выстаўка, якая праходзіць з 1 мая па 31 кастрычніка ў Італіі. Тэма форуму - "Накарміць планету. Энергія для жыцця". Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь на "Экспа-2015", якая адлюстроўвае асноўныя дасягненні нашай краіны ў галіне вырошчвання, перапрацоўкі і спажывання прадуктаў харчавання, размясцілася ў уласным павільёне, узведзеным на зямельным участку плошчай больш за 1 тыс. кв.м.
Кацярына Князева